За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць ганаровае найменне “народны аматарскі калектыў” прысвоена
вакальнаму ансамблю медыцынскіх работнікаў “Надзея”
Касцюковіцкага раённага Цэнтра культуры.
Вакальны ансамбль “Надзея” створаны ў 2002 годзе. З пачатку стварэння калектыву яго кіраўніком з’яўлялася Затрымайлава Любоў Міхайлаўна, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў. З верасня 2011 года ансамблем кіруе Бяспалава Юлія Леанідаўна.
Усе ўдзельніцы ансамбля з’яўляюцца работнікамі ўстановы аховы здароўя “Касцюковіцкая цэнтральная раённая бальніца”. Кожная са спявачак
вылучаецца добрымі вакальнымі дадзенымі і артыстызмам. Зацікаўленыя мастацкай творчасцю, жанчыны з задавальненнем асвойваюць навыкі вакальнага майстэрства і харавых спеваў.
Рэпертуар ансамбля “Надзея” падбірае мастацкі кіраўнік Бяспалава Юлія Леанідаўна. Ён складаецца пераважна з эстрадных, патрыятычных песень, а таксама рускіх і беларускіх народных песень у эстраднай апрацоўцы.
Салістка ансамбля Людміла Азаранка, якая валодае яркімі вакальнымі здольнасцямі, не адно дзесяцігоддзе спявае на раённай сцэне сольна, а таксама ў дуэце з Нэлі Краўчанка.
“Залаты голас” калектыву – гэта Нэлі Краўчанка, якая валодае моцным, чыстым сапрана. Яна пацвердзіла гэтае азначэнне, атрымаўшы Дыплом ІІ ступені раённага фестывалю “Белы бусел”, дзе паказала сябе не толькі як выдатная спявачка, але і драматычная актрыса. Акрамя таго, з моманту стварэння калектыву і па сённяшні дзень Нэлі Краўчанка спявае ў трыа з Анжэлай Фешчанка і Антанінай Даніленка.
Вакальны ансамбль “Надзея” – пастаянны ўдзельнік канцэртаў, прысвечаных урачыстым сходам лепшых працаўнікоў сельскай і народнай гаспадарак раёна, а таксама святочных канцэртаў, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і інш.
З 2008 году калектыў прымае ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада “Белы бусел”. З кожным годам скарбонка ўзнагарод ансамбля папаўняецца дыпломамі ў розных намінацыях.
У цяперашні час вакальны ансамбль “Надзея” працуе над новым рэпертуарам, удзельнікі калектыву ўдасканальваюць сваё вакальнае і харэаграфічнае майстэрства і дэманструюць яго на сцэне на радасць удзячным гледачам!
Віншуем вас, удзельніцы народнага аматарскага ансамбля “Надзея”, жадаем новых творчых поспехаў і дасягненняў!
Наталля Дробышава