У раённым Цэнтры культуры адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная памяці народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова

0
577

У раённым Цэнтры культуры адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная памяці народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. 6 лютага 2024 года яму споўнілася б 110 гадоў.

Імя Аркадзя Куляшова вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Народны паэт Беларусі ўнёс неацэнны ўклад у літаратурную спадчыну, а яго творы перакладзены на многія мовы свету і ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

На літаратурна-музычны вечар «Я на ўсё жыццё абраў дарогу…» сабраліся паважаныя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ларыса Герасімава, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Манушэнка, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксандр Казека, паэтка Наталля Азаранка, а таксама навучэнцы школ і землякі Аркадзя Куляшова.

За сваё доўгае жыццё наш знакаміты зямляк здолеў пакінуць неацэнную па глыбіні і паўнаце паэтычную спадчыну, якой хопіць на многія пакаленні наперад. З гадамі вершы і паэмы Аркадзя Аляксандравіча не губляюць сваёй вастрыні і актуальнасці, яны сугучныя часу, сапраўды народныя. У іх паэт апявае вечныя чалавечыя каштоўнасці – любоў да Радзімы, да свайго народа і яго гераічнага мінулага, уся яго творчасць пранізвае любоў да роднай прыроды.

У ходзе літаратурна-музычнага вечара прагучалі несмяротныя творы паэта ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры, членаў народнай студыі аматарскай літаратурнай творчасці «Крынічка». Сваё відэапрывітанне адрасаваў усім гасцям мерапрыемства рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Дзяніс Дук.

Працаваў Аркадзь Куляшоў самаахвярна, аддаючы паэзіі ўсё сваё жыццё. Зборнік за зборыкам, паэма за паэмай, новыя пошукі, а зытым і поспехі. За сваю працу Аркадзь Куляшоў атрымаў шмат дзяржаўных прэмій, узнагарод. Ганаровае званне народнага паэта БССР было прысвоена ў 1968 годзе.

Для ўсіх беларусаў творы Аркадзя Куляшова маюць асаблівую каштоўнасць. Па-ранейшаму моцна і прыгожа гучыць над радзімай старонкай яго голас, жыве яго слова, спявае паэтава душа.

Аляксандр КАЗЕКА, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»:

– На Касцюковіцкай зямлі нарадзіліся вельмі таленавітыя людзі. І таму я заўсёды з жаданнем прыязджаю сюды, а дадому вяртаюся з ураджаннямі. Дзякуй усім арганізатарам гэтага мерапрыемства, вядучым, артыстам, якія закранулі ўсе струны душы.

Лёс Аркадзя Куляшова быў складаным – у яго жыцці была вайна. А ў нас няма. Зразумейце толькі, якое гэта шчасце! Аркадзь Куляшоў пісаў пра шматлікія важныя рэчы. Яго творчасць павінна жыць не проста на паперы ў бібліятэцы, а ў вашых сэрцах, быць на вашых вуснах. Гэта не толькі наша гісторыя, гэта наша будучыня. З’яўляючыся кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі, куды ўваходзіць 41 чалавек, я бачу, як сучасныя пісьменнікі працягваюць гэтыя існуючыя каштоўнасці, якія нёс і Куляшоў. У гэтым і ёсць вечнасць літаратуры, вечнасць усяго жыцця.

Нет постов для отображения