В Костюковичском районе проходят мероприятия, посвященные 80-летию писателя-земляка Ивана Чигринова

0
1141

У гэтым годзе нашаму таленавітаму земляку споўнілася б 80 год. 

getImage (1)
Фото Людмилы СМОЛЯКОВОЙ

Касцюковіцкая раённая цэнтральная бібліятэка з 1996 года з гонарам носіць імя свайго славутага земляка. І таму адным з асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца збор, захаванне і прапаганда матэрыялаў аб жыцці і творчасці Івана Чыгрынава.
Кожны юбілей Івана Гаўрылавіча – свята для ўсіх касцюкаўчан. Бо цэнтральная бібліятэка сумесна з установамі культуры раёна ладзяць святочныя мерапрыемствы, на якія з задавальненнем прыязджаюць нашы знакамітыя землякі: пісьменнікі, паэты, навукоўцы. На кожным юбілеі бывае і жонка Івана Гаўрылавіча Людміла Прохараўна. Пасля такіх мерапрыемстваў краязнаўчы фонд нашай бібліятэкі папаўняецца новымі матэрыяламі, бо госці едуць з рукапісамі пісьменніка, фотаздымкамі, кнігамі з подпісамі і інш. Мерапрыемствы ладзяцца не толькі ў юбілейныя даты. Кожны год да дня нараджэння пісьменніка бібліятэкарамі раёна праводзіцца рознапланавая работа па папулярызацыі літаратурнай творчасці земляка.
У перыяд падрыхтоўкі да святкавання юбілею І. Г. Чыгрынава бібліятэкі раёна сталі цэнтрамі падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце. Адна з галоўных задач, якая стаіць перад бібліятэкамі ў гэты час, – паказаць значэнне творчасці І. Г. Чыгрынава ў гісторыі развіцця літаратуры, раскрыць свет пачуццяў, вобразаў, характараў, якія стварыў у сваіх творах пісьменнік. Аддзелам маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі распрацаваны падрабязны план мерапрыемстваў, сярод якіх выставы, агляды, літаратурныя гадзіны і вечарыны. Падрыхтаваны метадычны дапаможнік з прэзентацыяй “Вернасць жыццёвай праўдзе”, які адрасаваны бібліятэкарам, настаўнікам, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца творчасцю Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. Ён уключае матэрыялы з летапісу жыцця і творчасці пісьменніка, формы і метады прапаганды яго творчасці, пытанні для віктарын, сцэнарыі літаратурных вечарын. Электронны дадатак змяшчае відэафільм “Іван Чыгрынаў”, фотафрагменты з жыцця Івана Чыгрынава “Ішоў па зямлі чалавек”.
Цэнтральнай бібліятэкай аб’яўлены конкурс творчых работ “З любоўю да роднага краю”.
У файе бібліятэкі аформлена пастаянна дзеючая выстава “Вернасць жыццёвай праўдзе”.
На працягу многіх год бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі па крупіцах збіраюць матэрыялы аб сваім знакамітым земляку. У фондзе бібліятэкі ёсць відэафільм “Іван Чыгрынаў”, шмат фотаздымкаў захоўваецца ў электронным варыянце. У фотаальбоме «Ішоў па зямлі чалавек» змешчаны апрацаваныя ксеракопіі фотаздымкаў бацькоў І.Чыгрынава, сямейныя фотаздымкі на адпачынку, на дачы, разам з дзецьмі, унукамі. Шмат фотаздымкаў разам са знакамітымі пісьменнікамі: А.Куляшовым, І. Шамякіным, І. Мележам, І.Пташнікавым, Г. Бураўкіным, М. Танкам, Н.Гілевічам, А. Русецкім. К.Крапівой і інш. Гістарычную каштоўнасць мае фотаздымак 1992 года, калі Івану Чыгрынаву было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Касцюковічы”. Гэта падзея адбывалася на святкаванні 400-годдзя г. Касцюковічы, дзе прысутнічалі кіраўніцтва раёна, вобласці, пісьменнікі-землякі Леанід Левановіч, Алесь Пісьмянкоў, шматлікія госці.
Упершыню дэманструюцца рукапісы пісьменніка, цікавасць выклікае ў наведвальнікаў ксеракопія працоўнай кніжкі. У асобнай папцы сабраны ўспаміны розных людзей пра сустрэчы з нашымі пісьменнікамі і паэтамі. Да юбілею І.Чыгрынава свае ўспаміны аб сустрэчы з ім падараваў бібліятэцы старэйшы член народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” Леў Мінавіч Белянінаў. На выставе можна пазнаёміцца з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 1994 года “Аб прысваенні Чыгрынаву І. Г. ганаровага звання “Народны пісьменнік Беларусі”, з Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 1996 года “Аб увекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі Чыгрынава І. Г.” і прысваенні Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы яго імя. Шмат месца, зразумела, займаюць на выставе кнігі, многія з даравальнымі подпісамі.
Такім чынам, наведвальнікі бібліятэк, якія пажадаюць набыць інфармацыю пра народнага пісьменніка Беларусі – нашага земляка І. Чыгрынава, будуць вельмі задаволены прадстаўленымі матэрыяламі і мерапрыемствамі.

Тамара Коршунава,
загадчык аддзела маркетынгу
цэнтральнай бібліятэкі
імя Івана Чыгрынава.

Нет постов для отображения