Цягнік «Клопат» прывёз цеплыню і ўвагу жыхарам Сялецкага сельсавета

0
246

Дарогі дабрыні – бясконцыя. Зіхатлівым лютаўскім днём у чарговую вандроўку па іх выправіўся цягнік «Клопат».

Першымі ў Сялецкім сельсавеце гасцей сустракалі жыхары вёскі Журбінская Буда. Пра надзённыя пытанні з імі пагутарылі прадстаўнікі раённай улады, аддзела ўнутраных спраў, медыцынскі работнік.

Ці ёсць у вяскоўцаў прэтэнзіі наконт якасці працы старшыні сельвыканкама Сяргея Прахарэнкі? Адказ прагучаў адназначны і па-вясковаму шчыры:

— Эдуардавіч усё для людзей робіць! Якія тут прэтэнзіі. Ён сапраўдны, наш чалавек!

Цягнік "Клопат" прывёз цеплыню і ўвагу жыхарам Сялецкага сельсаветаХоць класічна лічыцца, што сярод заўзятых чытачоў пераважна прадстаўніцы  жаночага полу, тут кнігі і часопісы ад раённай бібліятэкі разляталіся ў мужчынскія рукі. Пасля гаспадарчых справаў насельнікі Журбінскай Буды любяць правесці вечар над мастацкім словам, асабліва ў марозныя зімовыя вечары.

Цягнік "Клопат" прывёз цеплыню і ўвагу жыхарам Сялецкага сельсаветаСагравалі сэрцы вяскоўцаў любімыя песні ў выкананні Дзяніса Леаненкі і Таццяны Цітовай.

Далей накіраваліся ў вёску Разрытае. Тут жыхарка звярнулася з просьбай дапамагчы ў запісе на медыцынскае абследванне, а таксама паскардзілася на сітуацыю з абаротам алкаголя на вёсцы. На дапамогу прыйшлі ўчастковы інспектар міліцыі і памочнік урача Сялецкай амбулаторыі.

Цягнік "Клопат" прывёз цеплыню і ўвагу жыхарам Сялецкага сельсаветаПаколькі да цёплых дзён яшчэ далёка, мясцовым жыхарам нагадалі пра выкананне правілаў пажарнай бяспекі пры карыстанні печамі і пра забеспячэнне пажарнымі апавяшчальнікамі.

А ў Смольках, куды потым прыехаў інфармацыйна-сацыяльны цягнік, адбыўся цэлы канцэрт проста ў памяшканні паштовага аддзялення. Дарослыя і дзеці так захапіліся музыкальнымі нумарамі, што артыстаў двойчы прасілі на біс.

— Абавязкова спойце «Галіну» для нашай Галіны! – такі музычны падарунак аднавяскоўцы замовілі для свайго паштальёна. – І “Вёсачку”!

“Вёсачцы” падпявалі ўсе разам.

— Як добра! Душа павесялела! – усміхалася паштальён Галіна. – Прыязджайце да нас часцей.

Канечне, вырашылі і больш сур’ёзныя пытанні – наконт планавай шпіталізацыі адной з жыхарак. І карысны атрымаўся візіт, і прыемны. На ўспамін пра сустрэчу зрабілі агульнае фота.

Завяршылі маршрут у Смолькаўскай Будзе.

Зімовым халадам не спыніць ні надыход вясны, ні дзейнасць праекта «Клопат». Бо ў сэрцах неабыякавых людзей, як і ў прагнозах сіноптыкаў, трымаецца заўжды жаданы сонечны «плюс».

 

Фота аўтара

 

Нет постов для отображения