ШТО ЧАКАЕ НАС У НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ?

0
751

Вітаю вас, паважаныя сябры! Імкліва набліжаецца Новы 2014 год, і я ўдзячна вам за тое, што ўвесь гэты час вы былі разам з намі, з журналістамі раённай газеты. Чыталі “Голас Касцюкоўшчыны”, не ігнаравалі нашы бліц-інтэрв’ю, дасылалі СМС з пытаннямі і прапановамі, пісалі пісьмы і тэлефанавалі. Такім чынам, вы сталі часткай нашай творчай каманды і маеце непасрэднае дачыненне да стварэння раённай газеты. Дзякуй вам за гэта.

Традыцыйна склалася, што ў снежні людзі звычайна падводзяць вынікі і праводзяць аналіз уласных дасягненняў і няўдач за перыяд пражытага года, усур’ёз пачынаюць будаваць планы на будучыню. Нам таксама ёсць аб чым задумацца для таго, каб зрабіць высновы і выпрацаваць стратэгію далейшай дзейнасці. Так, зроблена нямала. Вы, нашы чытачы, з’яўляецеся сведкамі журналісцкай працы, пастаяннай, карпатлівай, творчай, самаадданай. Кожны чарговы нумар раённай газеты – гэта праца кожнага чалавека, які працуе ў нашым калектыве. Журналісты шукаюць ідэі для наступных матэрыялаў, асэнсоўваюць, пішуць ў пэўным жанры. Аператары імкнуцца зрабіць газету знешне прывабнай, а гэта таксама патрабуе часу, фантазіі, наяўнасці добрага густу.

Мы сапраўды стараемся рабіць для вас добрую газету, насычаную актуальнай і цікавай інфармацыяй. І вельмі прыемна чуць ад нашых падпісчыкаў удзячныя словы. У многіх сем’ях яна, раённая газета, як сапраўдны член сям’і, без яе не ўяўляюць свайго жыцця. Чакаюць сераду і суботу, каб разгарнуць старонкі любімага выдання. Дзякуй і за гэта!

А зараз некалькі слоў аб тым, якой будзе наша газета з новага году. Напэўна, вы звярнулі ўвагу, што кошт “ГК” крышку павялічыўся. Гэта невыпадкова: наша газета па суботах будзе выходзіць на 16 старонках (лічыце, не дзве, а тры газеты на тыдзень). Таму, калі раскінуць кошт на кожны нумар, атрымліваецца зусім несур’ёзная даплата. Мяркую, гэтая мізэрнасць не перашкодзіць нам быць разам і надалей.

Як і абяцалі нашым падпісчыкам, тэлепраграмма будзе друкавацца ў расшыраным фармаце з дабаўленнем каналаў кабельнага тэлебачання.

Чакаюць вас новыя рубрыкі, сур’ёзныя тэмы і забаўляльная інфармацыя. Адным словам, мы ідзем уперад і спадзяёмся, што ў гэтай дарозе з намі будзеце крочыць і вы, нашы паважаныя чытачы. Дарэчы, будзем рады і новым падпісчыкам. Наш дэвіз у гэту падпісную кампанію: “Раённая газета – у кожную сям’ю!”

Шаноўныя сябры, мы працуем дзеля вас. Працуем з вялікім натхненнем і жаданнем, каб кожны наш чытач чакаў і чытаў родную раённую газету, імкнемся задаволіць вашы патрэбы і інтарэсы. Не забудзьце, калі ласка, у новы год абавязкова ўзяць з сабою “Голас Касцюкоўшчыны”. Застанемся разам!

З павагай да вас, Ірына ПЕТРУСЕВІЧ.

 

Нет постов для отображения