На інтэрактыўнай пляцоўцы “Слова пісьменніка” 31 жніўня сваю творчасць прэзентавалі пісьменнікі і паэты Магілёўшчыны. Першы блок праграмы быў патрыятычны і насіў назву “Мой лёс паяднаны з Радзімай”.
З прывітальным словам выступіў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Мікалаевіч Казека:
— Заўсёды прыемна прыехаць у куточак беларускай зямлі, дзе ты яшчэ не быў, і паглядзець, як тут жывуць людзі. Сама абстаноўка беларускасці гаворыць аб тым, што мы беларусы, мы адзіны. Галоўнае тут – радзіма наша, маці Зямля, гераічнае мінулае нашай радзімы.
Магілёўская зямля шчодра на таленты, і таму паэты і пісьменнікі Прыдняпроўскага краю чыталі свае вершы і ўрыўкі з апавяданняў пра вайну, спаленыя вёскі, родны Магілёў, сваю радзіму, славутых майстроў слова, тых, хто сваім словам ці радком натхняе многія пакаленні беларусаў.
Другі блок імпрэзы “І вечнасць радка як вечнасць жыцця” быў прысвечаны 90-годдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі.
А 1 верасня ўжо на галоўнай сцэне прадстаўлялі сваю творчасць беларускія пісьменнікі, паэты-песеннікі, барды, якія за сотні кіламетраў прыехалі ў слаўны горад Івацэвічы.
Фота Людмілы Смаляковай