
Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод» — пляцоўка, якая цягам чатырнаццаці год аб’ядноўвае маладыя таленты і пацвярджае, што для натхнення і сяброўства не існуе межаў. Раённы этап фестываля прайшоў 18 сакавіка ў Касцюковіцкай сярэдняй школе №4. Удзельнікі прадставілі работы ў накірунках мастацкай самадзейнасці і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У гэты дзень на ўтульнай школьнай сцэне ззялі юныя артысты з ліку навучэнцаў сярэдняй школы №4 і СШ №2, Бялынкавіцкай сярэдняй школы, выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і дзіцячага садка № 4.
Ганаровымі гасцямі фестываля сталі старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскога грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ларыса Герасімава і начальнік аддзела па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама Алена Хомчанка. У складзе журы – галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама Алена Завадская, намеснік дырэктара Касцюковіцкага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Святлана Аземша, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ганна Барысава, дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ларыса Даніловіч і педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзіцячай творчасці Алеся Дарашэнка.
Вітаючы ўдзельнікаў, Ларыса Эліянораўна падкрэсліла, што сённяшні фестываль вылучаецца сярод мноства іншых асаблівай атмасферай і адмысловым сэнсам. Ён дазваляе дакрануцца да прыгажосці мастацтва, наталіць патрэбу ў духоўным узбагачэнні і аб’ядноўвае розных людзей, па-свойму цікавых і непаўторных.
Праграма сапраўды была разнастайнай, як колеры вясёлкі. Песні, танцы, музычныя кампазіцыі і вершы – кожны з канкурсантаў меў магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці і харызму.
Адкрыла фестываль музычная кампазіцыя “Куточак Беларусі”. Танцавальны калектыў “Вясёлка” раённага ЦКРНіР стварыў прыгожы, прасякнуты пяшчотай нумар, поўны нацыянальнага каларыту.
Разнастайнасць народнай творчасці адлюстраваў ансамбль шумавых інструментаў вучняў школы №4, выканаўшы народную песню “Ой, бліны, бліны, бліны!”. А абаяльныя “Марачкі” з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці пакарылі публіку танцам “Яблычак”.
Арыгінальны падыход да выканання паэтычнага твора, з якім выступіў вучань школы №4 Максім Кубрын, наўрад ці пакінуў кагось абыякавым. Чытанне верша Ірыны Самарынай “Дабрыня” ператварылася ў кранальную сцэнічную замалёўку пра важнасць захавання чалавечнасці. Нумар нагадаў гледачам, што сапраўдная дабрыня – простая і ціхая, часам амаль незаўважная, але яна адна можа вылечыць свет ад злосці.
Пра любоў да роднай зямлі у вершаваных радках расказаў выхаванец дзіцячага садка № 4 Цімафей Татарнікаў.
Яшчэ адным яскравым выступленнем стала музычная кампазіцыя “Беларусь – мой дом” ад Дар’і Усенка і ансамбля “Бягучыя агеньчыкі” школы № 4. А завяршыўся карагод фестывальных нумароў танцам “Парасончыкі” ад выхаванцаў ЦКРНіР.
Вызначыць лепшых было няпроста, бо ўсе канкурсанты паказалі старанную падрыхтоўку і шчырыя эмоцыі. Аднак у выніку Дыплом першай ступені ў намінацыі “Мастацкая самадзейнасць” атрымаў танцавальны калектыў “Вясёлка” Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Другое месца падзялілі Максім Кубрын і Цімафей Татарнікаў, а трэцяе – Дар’я Усенка з ансамблем “Бягучыя агеньчыкі” і танцавальны калектыў ЦКРНіР за нумар “Парасончыкі”. Артысты цэнтра і Цімафей Татарнікаў прадставяць наш раён на абласным этапе фестываля ў Мсціслаўлі.
У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” першае месца атрымала Дарына Шляхценка (ЦКРНіР). На другім месцы – выхаванец дзіцячага садка №4 Дамінік Барысенка і Назар Нужненка з ЦКРНіР. Пачэсная “бронза” – у Дар’і Дзямідка (ЦКРНіР) і вучня сярэдняй школы №4 Уладзіслава Сафронава.
Сардэчна жадаем усім юным зорачкам пакарэння новых творчых вяршыняў. Бо калі мы разумеем і падтрымліваем адзін аднаго ў добрых памкненнях і не баімся праяўляць свае таленты, свет робіцца прыгажэй.
Фота аўтара