
Ці лёгка захоўваць сямейныя традыцыі? Вось, да прыкладу, сям’я Шаройкі з аграгарадка Новыя Саматэвічы беражліва захоўвае вышываную спадчыну бабулі. Гэта сапраўдныя творы мастацтва – саматканыя рушнікі, абрусы, расшытыя гладдзю навалачкі, многім з якіх больш за 70 гадоў. І ў кожным вырабе – цяпло бабуліных рук і шчодрая беларуская душа. Таму ўдзячныя нашчадкі лічаць сваім абавязкам зберагчы гэты «ільняны архіў» і перадаць сваім дзецям, унукам і праўнукам неацэнную культурную спадчыну продкаў.
Рушніковае разнаквецце беражліва дастае з адзежнай шафы гаспадыня дома Галіна Шаройка. Гэта яе маці Вера Афанасьеўна Каралёва ўласнымі рукамі гадавала лён, часала яго і прала, а затым на хатнім ткацкім станку ткала доўгія ільняныя палотны, на якіх неўзабаве з’яўляліся розныя ўзоры, вышытыя крыжам і гладдзю. Калыхаліся рушнікі над падгалоўем дзіцячай калыскі, упрыгожвалі чырвоны кут хаты, ахутваючы сваёй прыгажосцю абразы, віселі на цвіку побач з рукамыйнікам, каб стомлены пасля працоўнага дня гаспадар змог выцерці насуха рукі. А якое вяселле без рушніка?! Колькі гадоў праляцела з тых часоў!
Няма ўжо ў жывых Веры Афанасьеўны, выраслі ўнукі і праўнукі, а азярцо, на беразе якога паласкала бабуля свае рушнікі, зарасло вербамі і травой. Там даўно ўжо ніхто не палошча бялізну – парасло ўсё быллём з-за чарнобыльскай катастрофы. Толькі ў памяці жанчын з сям’і Шаройкі ўсё гэтак жа, як і раней, квітнеюць на любімай малой радзіме кветкі, якія палаюць не толькі па берагах Бесядзі, але і на бабуліных рушніках. Гляджу на раскладзеныя рушнікі і абрусы – і сэрца замірае! Тры колеры жыцця спляліся ў іх: белы, чырвоны і чорны, каб распавесці аб адвечных пачуццях чалавечай душы – пра каханне, радасці і смутак.
– Бабуля заўсёды вышывала з вялікай любоўю і стараннасцю. Яна верыла, што кожны шывок ніткі прыносіць у хату цяпло і святло, асабліва ў святы, – кажа Алеся Шаройка. – Я заўсёды захаплялася прыгажосцю рушнікоў. Прыязджаючы да бабулі, разглядала іх, любавалася.
Вера Афанасьеўна да рушнікоў падыходзіла з сакральным трапятаннем. Для яе яны былі не проста роўным палатном, а часткай жыцця. Спачатку былі сціплыя ўзоры, на фарбы беднаватыя. Ды і адкуль было ўзяцца тады багаццю фарбаў, калі ніткі вольнай у хаце не было? Гэта цяпер рушнікі квітнеюць шырока і прыгожа. А тады нітачка па нітачцы перабірала Вера Каралёва. Усе гады як бы зноўку перажыла: і вайну, і пасляваеннае ліхалецце. Але не толькі чорнымі ўзорамі прарастае ў памяці мінулае – былі ж і чырвоныя гады жыцця: першае спатканне, роспіс у сельсавеце, першая матчына радасць. У гэтых рушніках – цэлая жыццёвая гісторыя.
Вось Алеся беражліва бярэ ў рукі рушнік, якому больш за 70 гадоў і, разглядаючы яго, распавядае:
– Гэта самая старая і каштоўная рэч у калекцыі. У бабулі рана памерла маці, таму рушнік напярэдадні вяселля ёй выткала цётка. У яго абгарнулі абраз для бласлаўлення, з якім маладыя ішлі сем кіламетраў ад Тарасаўкі да Саматэвічаў, дзе ў сельсавеце распісаліся. Вось і ўсё вяселле!
Ёсць у калекцыі і рушнік, на якім вышыты словы: «Квітней, ружа, не адпадай. Любі, мілы, не кідай!». Гэта свайго роду пасланне. Рушнік з такой вышыўкай Вера Афанасьеўна падарыла свайму каханаму. Ці іншы са словамі: «Наша першае спатканне было ў такі цудоўны дзень…». Гэта цэлы ўспамін пра першую сустрэчу закаханых. І калі цяпер напісаць смс-паведамленне не складае працы, то ў тыя далёкія часы трэба было доўгімі вечарамі сядзець за вышыўкай, каб на свет з’явіліся словы прызнання на рушніку. Па рушніковым узорам лёгка людзі чыталі характар, розум, спрыт маладой гаспадыні.
Доўга яшчэ будуць захоўвацца рушніковыя сцежкі-дарожкі ў Шаройкі, бо з такім трапятаннем ставяцца да сямейных рэліквій Галіна Іванаўна і Алеся. Старадаўнія вырабы ў іх знаходзяцца ў бездакорным стане. Своечасова памыць, прасушыць, адпрасаваць – і яны як новенькія.
Дарэчы, Алеся, якая шмат гадоў працавала ў сферы культуры, можна сказаць, удыхнула другое жыццё ў бабуліны рушнікі. Рушнікі Веры Афанасьеўны не раз займалі прызавыя месцы на выставах. Яны пабывалі ў Александрыі на свяце «Купалле», а таксама ў розных райцэнтрах Магілёўскай вобласці на «Дажынках». Шмат разоў выстаўляліся бабуліны рушнікі і абрусы на экспазіцыях у Касцюковічах.
Сярод сямейных рэліквій у Алесі Шаройкі ёсць і касцюм, пакінуты бабуляй, які так добра дапаўняе яе сцэнічны вобраз. Глядзіш – і вачэй адвесці не можаш.
Жанчыны таго часу апраналі спадніцу, часцей за ўсё ільняную. Але ж Алесі дасталіся ад бабулі андарак – доўгая шарсцяная спадніца з даматканай матэрыі, таксама ільняная кашуля з багатай вышыўкай на рукавах. А каб вобраз быў закончаным, яна сама зрабіла з рушніка фартух. Калісьці гэта вопратка была штодзённай, а зараз яна – бясцэнны экспанат. Беларускі жаночы касцюм выглядае прыгожым і высакародным, адлюстроўваючы характар народа: спакой, працавітасць і эстэтычную стрыманасць.
У гэтым касцюме Алеся спявала фальклорныя песні, выступаючы на розных конкурсах і займаючы там прызавыя месцы. Сапраўдная беларуская дзяўчына, яна ўжывалася ў вобраз дзякуючы бабулінай вопратцы. Але творчасць Алесі не абмяжоўваецца толькі захаваннем артэфактаў. Яна піша вершы і нават тэксты да песень. Спявае песні як эстрадныя, так і фальклорныя, перадаючы ў іх усю глыбіню душы беларускага народа.
З нядаўняга часу Алеся раскрылася зусім у іншым ракурсе, стаўшы фотакарэспандэнтам раённай газеты «Голас Касцюкоўшчыны». Яе інтэрнэт-праекты «Сяло ў трэндзе», «Кожная пятніца – роднае, сваё», «IT-дзеткі» на слыху не толькі ў касцюкаўчан, але і ў жыхароў вобласці.
Дарэчы, творчы ген бабулі Веры Афанасьеўны перадаўся нашчадкам: яе дачка Галіна Шаройка вяжа, вышывае, майструе розныя вырабы; унук Арцём з дзяцінства любіў маляваць, а цяпер працуе скульптарам-праекціроўшчыкам у Маскве; праўнучка Юлія малюе, захапляецца алмазнай мазаікай і воскаграфіяй.
Ільняны архіў сям’і Шаройкі – гэта памяць пра продкаў, сямейная рэліквія, якой зацікавілася карэспандэнт рэспубліканскай газеты «СБ. Беларусь сёння» і пабывала ў гасцях у нашых гераінь. Так што хутка ўся Беларусь даведаецца пра культурную спадчыну бабулі Веры Каралёвай і пра тое, як захоўваецца сувязь пакаленняў на Касцюкоўшчыне.
Фота з архіву сям’і Шаройка
















