
Вяскоўцы памятаюць традыцыі і абрады нашых продкаў і перадаюць іх маладому пакаленню.
Свята «Соракі» лічылася другой сустрэчай вясны – яго адзначалі паміж Стрэчаннем і Дабравешчаннем. Галоўныя ўдзельнікі – дзеці, а асноўныя атрыбуты – печыва ў выглядзе птушачак і драўляныя арэлі са стужкамі.
Жыхары Сялецкага вельмі любяць гэтае свята і праводзяць яго кожны год на «пятачку» ля школы з песнямі, гульнямі, карагодамі. Яно ўжо стала сапраўдным брэндам гэтай мясцовасці. Карэспандэнт «ГК» адправілася на свята, каб паглядзець, як нашы продкі вясну зазывалі.
Культработнікі мясцовага ДК і раённага Цэнтра культуры цалкам рэканструявалі абрад. Жанчыны, пераапрануўшыся ў яркія народныя касцюмы і каляровыя хусткі, звонкімі галасамі спявалі песні. Па народных прыкметах лічылася: каб прыйшла вясна, усталявалася добрае надвор’е, а летам быў выдатны ўраджай, неабходна выканаць шэраг дзеянняў. Напрыклад, згуляць у гульню «Вясновыя вароты», калі жанчыны рабілі з хустак імправізаваныя вароты, а дзеці праз іх праходзілі з песнямі і карагодамі. «Вясна-красна, хадзі сюда! А ты, зіма, уцякай за ляса!» – спявалі вяскоўцы. Ці абавязкова моладзі трэба пакатацца на арэлях і паклікаць вясну. А яшчэ сур’ёзная ўвага надавалася птушкам. Лічылася, што ў дзень вясновага раўнадзенства прылятае сорак птушак, прыносячы з сабой цяпло. З кужэльнымі птушачкамі, якіх мацавалі да палачак, упрыгожваючы стужачкамі, гулялі дзеці, імітуючы палёт, а папяровых птушачак кідалі на ручніках.
У абрадавых забавах удзельнічаюць усе – і моладзь, і дзеці, і дарослыя.
– Кожны год у нас праводзіцца гэтае цудоўнае свята, на якое мы запрашаем паважаных гасцей, – распавядае старшыня Сялецкага сельсавета Сяргей Прахарэнка. – У гэты раз прыехалі кіраўнік раёна Вячаслаў Мікалаевіч Максачоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ларыса Эліанораўна Герасімава, кіраўнік завода ліцейнай вытворчасці Аляксей Мікалаевіч Шэпель, старшыні сельскіх саветаў.
Па словах Сяргея Прахарэнкі, «Соракі» – не проста свята і брэнд аграгарадка Сялецкае, гэта напамін пра важнасць захавання традыцый. Менавіта яны аб’ядноўваюць пакаленні і натхняюць на новыя здзяйсненні. Такія падзеі пакідаюць глыбокі след у сэрцах удзельнікаў і вучаць шанаваць моманты адзінства і радасці.
Дарэчы, культработнікі сістэматычна праводзяць этнаграфічныя і фальклорныя экспедыцыі, падчас якіх збіраюць інфармацыю. Яна і кладзецца ў аснову рэканструкцыі абрадаў. І абавязкова далучаюць дзяцей. Без іх не абыходзіцца ні адзін абрад. У гэтым і ёсць галоўная мэта – выхаванне патрыятызму і любові да сваёй малой радзімы і беларускіх традыцый.
Фота аўтара