Конкурс праходзіў у вёсцы Міхалёва Бабруйскага раёна, а ўдзел у ім прымалі маладыя людзі з усіх куткоў Магілёўскай вобласці ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў і самых розных прафесій – аграномы і заатэхнікі, вадзіцелі і трактарысты, ветэрынарныя ўрачы і слесары, бухгалтары і юрысты.
22-гадовы Антон Шунькін працуе ў сельскагаспадарчай галіне. Ён узначальвае аддзел раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
За званне «Малады гаспадар» удзельнікам трэба было прадэманстраваць на сцэне свае таленты і ўменні, прафесійнае майстэрства і кемлівасць, неардынарнасць і фізічную падрыхтоўку, бо конкурсы былі няпростымі. Напрыклад, спаборніцтва «Аўтамабіліст», у якім неабходна было за максімальна кароткі час зняць пяць балтоў з усталяванага на стэндзе кола, само кола і тут жа замацаваць яго. Ці конкурс «Маё захапленне», дзе ацэньваліся творчасць і артыстычнасць.
Як адзначыў старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гейдэль, ён жа старшыня журы, конкурс «Малады гаспадар» накіраваны на павышэнне прэстыжу працы ў сельскай гаспадарцы. Бо, калі гэтыя маладыя людзі ўсведамляюць патрэбнасць і важнасць працы ў сельскагаспадарчай галіне, сваё дачыненне да яе, замацуюцца там, яны свой курс, як паказвае практыка, не зменяць.
Перамогу ў абласным конкурсе атрымаў электрык з Чэрыкаўскага раёна Ілья Макушкін. Наш Антон Шунькін быў вельмі годным канкурсантам і заваяваў ганаровае другое месца. Віншуем!