На днях прозаику Виктору Потапенко, который родился в Костюковичском районе, исполнилось шестьдесят лет со дня рождения

0
1248

0115Літаратурная візітка

Віктар Патапенка нарадзіўся 19.09.1955 года ў вёсцы Калодзецкая Касцюковіцкага раёна (пахавана падчас радыяцыйнай забруджанасці). З 1974 па 1976 год служыў у арміі. У 1982 годзе скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газет “Чырвоная змена”, “Трудовой путь”, “На страже Октября”.
З 1986 па 2003 год служыў у органах унутраных спраў, апошнія тры гады з іх у Камітэце па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.
У 2003-2004 гадах – намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аўтар публіцыстычнага зборніка “Арганізавана супраць арганізаванай”, зборніка апавяданняў “Я – оперупаўнаважаны…”, беларускага дэтэктыва “Сустрэчная паласа”, кнігі ўспамінаў пра паэта Алеся Пісьмянкова “Шлях бярозамі значаны”, зборніка аповесці, кароткіх апавяданняў і міні-п’есы для дарослых “Загадкі пушчанскай патапечы”.

Наш карэспандэнт, дзякуючы электроннай пошце, задаў некалькі пытанняў творцу.

– Віктар Уладзіміравіч, на літаратурнай сцежцы вы з’явіліся нечакана для чытачоў газеты, ды і, увогуле, для касцюкаўчан. Нарадзіўшыся ў вёсцы Калодзецкая ў 1955 годзе, вы толькі праз 49 гадоў, у 2004 годзе, выдалі свайго першынца – кнігу “Я – оперупаўнаважаны…”. Потым выйшлі ў свет беларускі дэтыктыў “Встречная полоса” і кніга ўспамінаў, эсэ і апавяданняў “Шлях бярозамі значаны”. Ніводнай прэзентацыі кніг у раёне не было. У чым тут прычына?
– Прычына, мабыць, у маім характары. Паколькі на літаратурны Парнас я іду пешшу, без усялякай дапамогі таварышаў па пяру, таму і не спяшаўся скарыстацца заяўным прынцыпам. Лічыў, што не настаў час. Дарэчы, прэзентацыя новай кнігі прозы “Загадкі пушчанскай патапечы”, спадзяюся, адбудзецца ў другой палове верасня. Што тычыцца маёй літаратурнай “нечаканасці для касцюкаўчан”, дык тут, мабыць, галоўную ролю адыграў, зноў жа такі, характар. Я нікому, апрача родных, не прамаўляў сваю мару стаць літаратарам, пакуль не дасягнуў “перамогі над сабой”. Хаця, калі зазірнуць у мой журналісцкі досвед, а ён трымаецца на трох рэдакцыях газет і службе ў міліцыі, дзе, дарэчы, мае абавязкі тычыліся журналісцкай працы, дык можна было б і здагадацца, што мой шлях у пісьменства абавязкова адбудзецца.

– Які сэнс вы ўкладваеце ў словазлучэнне “перамога над сабой”?
– Гэта мой дэвіз. Ён ад маці, паколькі яна часта ў маленстве гаварыла мне, што я не павінен параўноўваць сябе з аднакласнікамі ці аднагодкамі, якія нешта там зрабілі, вылучыліся сярод іншых, а ў мяне не атрымалася. “У іх свой род, у нас свой, – гаварыла яна, – у іх магчымасці іншыя (мелася на ўвазе матэрыяльныя), у нас няма гэткіх, таму стаў сабе задачу і дабівайся яе рашэння. Пераможаш сябе, значыць палепшыш сябе і свой род”.
Такім чынам, па сёняшні дзень я трымаюся гэтага правіла, для мяне яно з’яўляецца, хутчэй, законам.

– Зразумела. А што прапаноўваеце чытачу ў новай кнізе “Загадкі пушчанскай патапечы”?
– Аповесць, з жыцця жыхароў Налібоцкай пушчы, кароткія апавяданні і міні-п’еса для дарослых напісана з гісторый, сведкам якіх быў падчас службы ў міліцыі.

– Ведаю, што вы, аднойчы праходзілі студэнцкую практыку ў нашай раённай газеце “Сцяг камунізму”. Так яна тады называлася.
– Сапраўды, практыка была, і яна вельмі рознілася з той практыкай, пра якую нам гаварылі выкладчыкі факультэта журналістыкі. Памятаю, я прыехаў у рэдакцыю газеты, каб пазнаёміцца з жыццём калектыву. Блукаючы па службовых кабінетах, я не знайшоў ніводнага работніка і вымушаны быў зайсці ў друкарню. Там мяне выслухаў адказны сакратар газеты які, прачытаўшы дакумент-накіраванне, сказаў: “Добра. Напішы што-небудзь…”
Я не пакрыўдзіўся, ведаў, што адносіны журналістаў-практыкаў да студэнтаў-першакурснікаў складваюцца не ад знаёмства з табой, як асобай, а ад матэрыялаў, якія ты падрыхтуеш для друку. Я заўважыў, што работы ў адказнага сакратара і ўсяго калектыва было зашмат, таму з’ехаў у сваю вёску. У яе ваколіцах, на дрэнажнай ачыстцы рэчкі-ручая Альшанка працавалі студэнты Магілёўскага педагагічнага інстытута. Зрабіў рэпартаж, а крыху пазней – у полі, калі пачалося жніво, пашыраную карэспандэнцыю. Матэрыялы ў рэдакцыю адсылаў па пошце, яны былі надрукаваны на старонках газеты, і я атрымаў станоўчую адзнаку па практыцы.

– Віктар Уладзіміравіч, існуе думка, што журналісту, які папрацаваў працяглы час у рэдакцыі газеты, вельмі цяжка перайсці на літаратурную мову. Як вам удалося пера-
адолець гэты рубеж?
– Гэта сапраўды так. Планавая рэдакцыйная штодзёнка патрабуе прытрымлівацца публіцыстыкі, і ты, па сутнасці, яе пражываеш з кожным газетным матэрыялам. Пісаць прозу, ці вершы ў гэты час вельмі складана, бо патрэбна перайсці, як вы згадалі, рубеж паміж творчым палётам думкі рэальнага і ўмоўнага. Для гэткай перанастройкі патрэбны час і моцная воля. Дарэчы, творчая спадчына Аляксея Пысіна і творчая праца Віктара Карамазава, з’яўляюцца насамрэч яскравым прыкладам, калі хлеб надзённы здабываўся ў матэрыялах на старонках газет, а хлеб духоўны ў вольны час. Гэтак працаваць не кожнаму ўдаецца, бо патрэбна натхненне.

– А што патрэбна рабіць, каб натхненне не пакідала творцу?
– У творчым працэсе вельмі важныя мара, жаданне і пастаянная думка пра шляхі вырашэння таго, што задумаў. Гэтага можна дасягнуць толькі пры ўмове, калі, па-першае, творца можа канцэнтраваць думку на адным тым, што табе патрэбна. Па-другое, патрэбна шмат працаваць. Чым больш працуеш, тым часцей адчуваеш бурны прыліў творчых сіл, якія, менавіта, і называюцца натхненнем.
Шанец авалодаць натхненнем і трымаць яго блізка каля сябе ёсць у кожнага з нас, не толькі творчага чалавека. Галоўнае, паўтараюся, гэта мара. Яна ў кожнага з нас свая, адметная, але, праўда, кожны з нас імкнецца да яе рознымі шляхамі, паколькі падчас гэтага жаданага лёту мы вымушаны нейкім чынам рэагаваць на шматлікія неспадзеўкі, якія прылепліваюцца да нашага жыцця, патрабуюць да сябе ўвагу і час, каб з імі не толькі разабрацца, але і ўладкаваць.

– Віктар Уладзіміравіч, але творы нараджаюцца не адным натхненнем, тут патрэбен накоплены жыццёвы вопыт, веды, уменне выразіць свае думкі, пачуцці ці ўражанні…
– Не магу з вамі не пагадзіцца. Натхненне ў творчым працэсе выконвае ролю божай іскры. Менавіта яна запальвае полымя творчасці.

– А калі вы адчулі ў сабе творчую іскрыстасць?
– У маленстве. Я вельмі любіў і, шчыра прызнаюся, люблю і зараз – адзіноту. Прыкладна, калі вучыўся ў пятым-шостым класе, пасля таго, як рабіў урокі, я сыходзіў у Пожар. Гэтак называўся ўскрай лесу за вёскай, спрэс заселены бярозамі. Я падоўгу прыглядваўся да ўсяго, што заўважаў, прыслухоўваўся, запамінаў пах, а каб больш распазнаць тое, што хацелася, нават спрабаваў на смак. Дык вось, калі я блукаў па гэтай мясціне, невядомае мне раней мысленне бурліла ў ва мне жывым ручайком, ды гэтак, што іншы раз я на некаторы час забываў, дзе знаходжуся. Яно, быццам, праглынала мяне на некаторы прамежак часу. Калі апамятаваўся, ды зноў пачынаў адчуваць напоўненае гукамі ды пахамі наваколле, тады пачынаў разумець, што невядомы для мяне стан незвычайны, што ён прыносіць радасць і душэўнае задавальненне. Тады я не ведаў законаў быцця, і толькі пасля, калі пазнаёміўся з акультнай літаратурай, зразумеў, што мысленне для чалавека з’яўляецца найважнейшым рухавіком унутранага развіцця, а яснае і паслядоўнае мысленне вядзе чалавека да з’яднання з крыніцай нашай свядомасці, з нашым вышэйшым Я. Але я, паўтаруся, спазнаў гэта значна пазней. У той час, дзеля таго, каб пашырыць свае ўражанні ад нейкіх з’яў, учынкаў і прадметаў, пачаў чытаць кнігі.

– У выніку гэтых складаных перэпетый і выкрышталізавалася мара пра журналістыку?
– Абсалютная праўда. Захапленне словам пайшло на карысць мары, я штодзённа ёй жыў. Але таемна, не выказваючы яе ўслых. Марыў і рабіў усё шчыра, але не зусім правільна. Я занядбаў прадметы матэматыкі і геаметрыі ў школе. Настаўніца школы, Галынская (Адахоўская) Лілія Антонаўна, дарэчы, увесь час мяне папярэджвала, што вучуся я ніжэй сваіх здольнасцей. На выпускным экзамене па геаметрыі яна не выставіла мне адзнаку і наладзіла пераздачу на восень. Апошняе яе слова было такое: “Ты здольны вучань, і я хачу апошні раз у гэтым упэўніцца!”
“Сам вінаваты!” Падумаўшы, я пагадзіўся з ёй і, цяжка паверыць – раззлаваўся на сябе. Менавіта гэтым пачуццём я і загартаваў свой характар, сваю цвёрдую волю, якая не пакідае мяне і па сёняшні дзень. На паўторным экзамене атрымаў здавальняючую адзнаку, а падчас службы ў Савецкай арміі ўпарта паўтараў школьную праграму па літаратуры і гісторыі. Дарэчы, яшчэ немалаважную ролю ў здзяйсненні мары адыграла актыўная супраца з армейскімі выданнямі. Паколькі я служыў за межай, у Чэхаславакіі, атрымліваць ганарар за публікацыі мне не дазвалялася, таму па прылёту ў Мінск, у аэрапорце мытная служба мне выдала на рукі аж… семсот сорак тры рублі. Я адчуваў сябе самым “багатым” сярод радавых ваенаслужачых Савецкай арміі.

– Дарэчы, як так атрымалася, што пасля заканчэння факультэта журналістыкі вы апынуліся на службе ў міліцыі?
Калі я ішоў на службу ў міліцыю, дык толькі спадзяваўся, але на самой справе гэта так і атрымалася, што для мяне, калі я хачу быць празаікам, патрэбна добра ведаць прозу жыцця: не толькі прыхарошаную, прыглажаную, як кажуць, з салодкай усмешкай, але і на задворку. Мне ўдалося гэтага дасягнуць, бо я пранікнуў у сутнасць негатыўных з’яў грамадства. Гэты досвед укладваецца ў персанажы маіх твораў.

– Цікава, а якімі законамі ў жыцці вы асабіста кіруецеся?
– Законамі сумлення і разумнай мэтазгоднасці. Гэта сістэмная гармонія. Яна прыносіць чалавеку шчасце, ён па-сапраўднаму спазнае любоў, наталяецца эстэтычнай асалодай.

– Творчасць і паўсядзённыя справы… Якія правілы судакранання?
– Перавага творчасці над паўсядзёншчынай, якая рэалізуецца механічным працэсам, ярка выражана. Яна дзевяноста пяці соткавая. Творца, як любіў сцвярджаць Алесь Пісьмянкоў, павінен прадумваць сэнс кожнага слоўка да тых пор, пакуль не адчуе задавальненне ад вобразнасці.

– А чым абумоўлены працэс пісьма?
– Рэалізацыяй думкі. Спачатку яе патрэбна вынасіць, як жанчына сваё дзіцяці. Гэта значыць, выразна акрэсліць ідэю. Потым шчыльна і акуратна спавіць яе з усіх бакоў, каб надаць адпаведную форму і змест. Словам, працэс пісьма працаёмкі, ён патрабуе ад аўтара пастаяннай апрацоўкі слова, каб дасягнуць вытанчанасці, якая будзе па густу чытачу.

– Колькі часу аддаеце творчаму пісьму?
– Дакладна адказаць цяжка. Чаму? Справа ў тым, што справы надзённыя могуць імгненна спыніць летуценны працэс і ты вымушаны адчуць пад сабой грэшную зямлю, каб вырашыць нейкую праблему.

– Дзякую за інтэрв’ю.

Падрыхтавала
Наталля КавалЁва.

Нет постов для отображения