З вялікім размахам 19 снежня ў Касцюковічах адзначылі 80-гадовы юбілей свайго земляка – народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. Вечарына “З любоўю да роднага краю” праходзіла ў раённым Цэнтры культуры.
Прыхільнікаў творчасці пісьменніка была поўная зала. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі жонка пісьменніка Людміла Прохараўна, дачка Алена Іванаўна, старшыня Магілёўскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Дуктаў, член гэтага аб’яднання, паэтка, член народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” цэнтральнай бібліятэкі імя І.Чыгрынава Наталля Азаранка, старэйшы член гэтага ж аб’яднання, паэт Леў Мінавіч Белянінаў, кіраўніцтва раёна.
Удзельнікі мерапрыемства, гледачы і ганаровыя госці разам прайшліся асноўнымі вехамі жыцця і творчасці народнага пісьменніка Івана Чыгрынава.
З задавальненнем ўсе слухалі аповед Людмілы Прохараўны, якая цікава расказвала аб сваіх з Іванам юнацкіх гадах, аб тым, як усё жыццё Івана Гаўрылавіча не адпускалі цяжкія ўспаміны аб вайне, аб тым, як ствараліся яго творы. Выступленне Людмілы Прохараўны неаднаразова перапыняліся бурнымі апладысментамі ўдзячных слухачоў. Нашай госці было вельмі прыемна сустрэцца з землякамі, бо яна таксама родам з Касцюковіцкага раёна, з вёскі Студзянец, з той самай вёскі, дзе нарадзіўся яшчэ адзін наш знакаміты паэт-зямляк Аляксей Русецкі.
У. У. Дуктаў сваё выступленне пачаў з прыемнай цырымоніі – уручэння пасведчання члена грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Наталлі Азаранка. У сваёй прамове Уладзімір Уладзіміравіч падзяліўся ўспамінамі аб сустрэчах з Іванам Гаўрылавічам, расказаў, як адлюстроўваліся гэтыя сустрэчы на яго творчасці.
Выступленні ганаровых гасцей чаргаваліся з паэтычна-музычнымі нумарамі, з дэманстрацыяй эпізодаў з жыцця Івана Гаўрылавіча, запісаў яго выступленняў, урыўкамі кінаэпапеі “Плач перапёлкі”. У выкананні ансамбляў “Этыкет”, “Калініца”, “Альянс”, гуртоў “Радня”, “Цуда-раніца” гучалі песні на роднай мове “Родны кут”, “Дарога да дому”, “Гучыць напеў”, “Спадчына” , “Крыніцы”. Аўтэнтычная песня “Маці”, выкананая акапэльна Людмілай Ісаевай, не пакінула нікога абыякавым.
Сведкаю таго, што паэтычныя традыцыі знакамітых землякоў працягвае моладзь, стала выступленне маладога, пачынаючага, але, безумоўна, таленавітага, аўтара і выканаўцы Артура Міроненкі. Ён з’яўляецца фіналістам конкурса вакалістаў “Звонкая раніца”.
а святкавання юбілею Івана Чыгрынава былі аб’яўлены конкурс творчых работ сярод навучэнцаў нашага раёна “З любоўю да роднага краю” і віктарына “Творчая і грамадская дзейнасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава”. Тое, што творы І. Чыгрынава ведаюць і чытаюць многія, сведчыць актыўны ўдзел моладзі раёна ў гэтых конкурсах. Было прадстаўлена больш за 20 работ. Кампетэнтнаму журы, якое складалася з настаўнікаў-філолагаў школ горада , цяжка было вызначыць пераможцаў. Удзельнікі атрымалі тры дыпломы 3-й ступені, два – 2-й у намінацыі “Сачыненне”. А пераможца ў гэтай жа намінацыі – Яўгенія Саўчанка, навучэнка 10 класа ДУА “Мурынборскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа Касцюковіцкага раёна” ўзнагароджана дыпломам 1-й ступені. У намінацыі “Паэтычны твор” таксама дыпломаў 3-й ступені – два, 2-й – адзін і 1-й – два. Пераможцам прызнаны Дыпламант абласнога свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, член народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” Кірыл Усаў, яго верш “На Радзіму Чыгрынава” быў лепшым. Пераможцай віктарыны, прысвечанай жыццю і творчасці І.Чыгрынава, стала Вікторыя Мурашкіна – навучэнка 8 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №4 г.Касцюковічы”.
Л. П. Чыгрынава ў падарунак прывезла кнігі І.Чыгрынава з хатняй бібліятэкі, якія разам з дыпломамі і сувенірамі ўручыла пераможцам.
Родныя Івана Гаўрылавіча былі вельмі задаволены мерапрыемствам, выказалі вялікую ўдзячнасць за цудоўную вечарыну і за памяць, што жыхары горада і раёна захоўваць аб сваім земляку.
Пад час мерапрыемства ў фае раённага Цэнтра культуры працавала выстава цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Чыгрынава “Адтуль, з бацькоўскага парога…”
Раённы краязнаўчы музей арганізаваў выставу асабістых рэчаў І.Чыгрынава, якія захоўваюцца ў фондах музея. Гэта яго папка, партманэ, электрабрытва, стужка “Ганаровы грамадзянін г.Касцюковічы”, рукапісы, працоўная кніжка, шматлікія пропускі, пасведчанні, візіткі. У фондах краязнаўчага музея захоўваюцца кнігі з даравальнымі подпісамі вядомых пісьменнікаў і паэтаў І.Г.Чыгрынаву, сярод іх подпісы А.Куляшова, А.Русецкага, Н.Гілевіча, В.Карамзіна, С.Законнікава.
Удзельнікі і госці свята адзначылі высокую прафесійную падрыхтоўку мерапрыемства і ад усёй душы пажадалі далейшых поспехаў у захаванні спадчыны нашых таленавітых землякоў.
Тамара КОРШУНОВА, загадчык аддзела маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі імя І.Чыгрынава.