2 ліпеня каля раённага Цэнтра культуры абылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака пісьменнікам і паэтам, выхадцам Касцюковіцкага раёна «ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА».
2022 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці з мэтай захавання багатай гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі для будучых пакаленняў. Выдатная ідэя аб стварэнні памятнага знака у Касцюковічах была прапанавана членамі Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі у асобе яго старшыні Аляксандра Казекі і нашай зямлячкі, паэткі Наталлі Азаранка і актыўна падтрымана старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрай Міхеенка, а таксама кіраўніцтвам Беларускага цэментнага завода, які і ўвасобіў яе ў жыццё.
На мерапрыемстве прысутнiчалi кiраўнiцтва раёна, Аляксандр Чарнышоў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, прадстаунiкi працоўных калектываў, моладзь.
Права адкрыць памятны знак прадставілася людзям, якія зрабілі гэты падарунак: старшыні райвыканкама Аляксандры Міхеенка, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэткі Наталлі Азаранка, дырэктару ААТ «Беларускі цэментны завод» Ігару Сяргееву.
Аляксандра Мiхеенка выказала падзяку ўсiм, хто прымаў удзел у гэтай падзеi: Наталлi Азаранка, якая звярнулася падчас прыёму грамадзян з прапановай аб увекавечаваннi памяцi паэтаў i пiсьмeннiкаў Касцюковiцкай зямлi, а таксама генеральнаму дырэктару БЦЗ lгару Сяргееву i яго камандзе працаўнiкоу, якiя спраектавалi i вырабiлi знак. Таксама ўручаны падзячныя лiсты за асабiсты ўклад па абсталяванню дзiцячай пляцоўкi «Доблесць. Мужнасць. Адвага» працаўнiкам лясгаса.
Наталля Азаранка ад Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і ад сябе асабіста падзякавала кіраўніцтва раёна і стваральнікаў аб’екта за шматфункцыянальную пляцоўку для вольнага часу жыхароў і гасцей нашага горада.
— Касцюкоўшчына па праве можа ганарыцца сваімі паэтамі і пісьменнікамі, — сказала Наталля Пятроўна. — Сёння іх імёны вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, іх творы перакладзены на дзясяткі іншых моў. Імёнамі нашых знакамітых землякоў названыя школы і універсітэты, вуліцы і плошчы гарадоў, музеі і бібліятэкі. Творчасць слаўных сыноў зямлі Касцюковіцкай вывучаюць у школах, іх творы перавыдаюць і чытаюць. У іх гонар у розных гарадах свету ўстаноўлены помнікі. Іх любяць і памятаюць! Цяпер і ў нас ёсць месца, куды мы можам прыйсці, каб аддаць даніну павагі іх выдатнаму таленту. Хай літаратурная слава нашай маленькай радзімы мацнее і прырастае з кожным годам, а гэты памятны знак стане сімвалам літаратурнага Прыбяседдзя для нашых нашчадкаў, як стаў брэндам нашага раёна рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг».
Касцюкоўшчына – зямля, якая выгадавала і выхавала не адно пакаленне паэтаў і пісьменнікаў, якія сваёй творчасцю праславілі нашу малую радзіму. Іх культурны ўклад навечна застанецца ў літаратурнай скарбніцы Беларусі. Наша гісторыя напоўнена падзеямі. А асабістая гісторыя кожнага нашага пісьменніка і паэта заўсёды была неадрыўна звязана з гісторыяй роднай краіны. Яны выступалі на перадавой мірнага будаўніцтва, сустракалі тварам да твару любую пагрозу, засланяючы родную зямлю ад небяспекі, як, напрыклад, наш зямляк, Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў; захоўвалі і бераглі гісторыю і родную мову, як народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў; клапаціліся аб захаванні народных традыцый і памяці аб нашых слаўных продках, як выдатны паэт Алесь Пісьмянкоў… І сёння наша падзяка таленавітым землякам атрымлівае ўвасабленне ў выглядзе памятнага знака, асновай для якога стала падкова. Менавіта яна ўпрыгожвае герб Касцюковіцкага раёна, бо калісьці Касцюковічы славіліся коннымі кірмашамі, таму лепшыя падковы каваліся тут, на нашай зямлі. З даўніх часоў лічыцца, што падкова – гэта сімвал шчасця, свайго роду, ахоўны талісман. Звязана гэта з тым, што яе нараджэнне адбывалася ў кузні ў спалучэнні з вогненнай сілай распаленага металу і разумнай сілы каваля, калі з чагосьці бясформеннага нараджаецца нешта новае і прыгожае. Так і вогненнай сілай душы ў спалучэнні са светлай думкай, натхненнем і майстэрствам творцы, з шэрагу слоў і эмоцый нараджаецца прыгожы літаратурны твор. Ён тут жа кладзецца на паперу, у выніку мы маем верш, альбо аповяд, з якіх, у сваю чаргу, складаецца кніга – каштоўны скарб, якая ва ўсе часы застаецца самым папулярным носьбітам інфармацыі. На памятным знаку адна кніга закрытая, яна адлюстраванне нашай літаратурнай спадчыны, як маналіт, падмурак, які нельга разбурыць ні часам, ні лёсам. Другая – адкрытая, сімвал дастойнага працягу пісьменніцкай дзейнасці ў наш час.
Радкі, напісаныя Алесем Пісьмянковым, залатымі літарамі ўпрыгожылі раскрытыя старонкі кнігі:
Ён ранкам падкову
знайшоў у расе,
Шчасліўчык, адораны лёсам,
І кожны падумаў:
дамоў панясе!
А ён — шпурлянуў у нябёсы:
“Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!”
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да памятнага знаку «ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА» ў знак павагі і памяці пра паэтаў і пісьменнікаў Касцюкоўшчыны.
Многія вершы нашых паэтаў-землякоў пакладзены на музыку. Вядомы беларускі кампазітар Ігар Лучанок у 1972г. напісаў музыку на верш Аркадзя Куляшова «Бывай», так нарадзілася песня «Алеся”, якую выканаў ансамбль «Песняры». «Алеся» Аркадзя Куляшова, напісаная ім у 14 гадоў, дагэтуль з’яўляецца шлягерам і вядома далёка за межамі нашай краіны. Шчырая юнацкая любоў вылілася ў незвычайна чыстыя і пяшчотныя паэтычныя радкі, якія дагэтуль кранаюць душы слухачоў.
Знакамітая «Алеся» прагучала ў выкананні народнага ансамбля «Этыкет» Касцюковіцкага раённага Цэнтра культуры. Прагучала песня “Неба сінь» на словы Наталлі Азаранкі у выкананні аўтара музыкі Дзяніса Леаненкі.
Эстафету славутых творцаў сёння падхоплівае таленавітая моладзь. Бо гэта вельмі важна-быць патрыётамі, ведаць і паважаць сваю гісторыю, культуру і традыцыі. Каб больш падрабязна даведацца пра багатую літаратурную спадчыну Касцюкоўшчыны, можна выкарыстоўваць QR-код «Касцюкоўшчына літаратурная». Дадзены інфармацыйны рэсурс уключае звесткі аб жыцці і творчасці літаратараў, ураджэнцаў нашага раёна. Да таго ж, тут можна будзе набыць сувеніры ў выглядзе падковы, вырабленыя майстрамі раённага дома рамёстваў, і забраць з сабой часцінку «прыбяседскага» шчасця. І сёння першым забраць з сабой часцінку «прыбяседскага» шчасця прадставілася паважаным гасцям у якасці падарунка.
Н.Азаранка напісала да гэтай даты верш
Першаю кранула пазалотай восень мной напісаны лісток,
Роднаю натхняюся размовай, што з крыніц святых бярэ выток.
З тых вытокаў зграя моцных птушак ўзнялася клінам да нябёс,
Залатымі літарамі пішам іх імены, іх прыгожы лёс!
Хомчанка, Русецкі і Чыгрынаў, Левановіч, Куляшоў, Сяднёў,
Ігнаценка, Ісачанка, Пацёмкін, Губернатараў і Пісьмянкоў!
Мельнікаў, Пуцята і Бардоўскі, Леўчанка, Патапенка, Вырко…
Маладым з нябёс натхенне льецца, не перасыхае азярко!
Так плыве невычарпальным рэхам па-над жытам рэчкаю, сялом
Слава патрыётам і паэтам, хто “малюе” свой куток пяром!
Ў дыяментах рос, дзе водар хлеба, дзе буслы гуляюць па траве
Ад зямлі да самага да неба проза і паэзія жыве!
Край, дзе нардзілася Алеся, дзе пазнаў каханне Куляшоў,
Каб яно навечна стала пеняй, белакрылай птушкай, вышыней
З музаю Пацёмкін сустракаўся, падарыўшы нам чароўны вальс,
Як юнак з дзяўчынаю спаткаўся недзе ў Касцюковічах ў нас…
Нам у шчасці жыць цяпер заўседы, бо Алесь падкову шпурлянуў
У неба, дзе натхненнем свецяць зоры і мяне крылом сваім крануў!