
Вера Апанасаўна Каралёва пакінула пасля сябе тое роднае, сваё, што патрэбна не толькі берагчы, але паказваць і расказваць пра гэта. Яе саматканыя льняныя абрусы, вышываныя крыжыкам рушнікі, пашытыя ўручную і ўпрыгожаныя мастацкай гладдзю навалачкі і падузорнікі радуюць вока многія дзесяцігоддзі. Яны напаўняюць хатнюю атмасферу цяплом і прыгажосцю, нясуць у сабе памяць пра яе старанне і беражліва захоўваюцца ў сям’і Шаройка.
Мая бабуля заўсёды з вялікай любоўю і стараннем вышывала і верыла, што кожны стык ніткі ўносіць у дом цеплыню і святло, асабліва ў святы.
Кожны выраб – плён шматгадовай працы і клопату. Лён яна садзіла на сваім гародзе, клапацілася пра яго вырошчванне, а потым перапрацоўвала на сваім ткацкім станку ў тканіну, з якой шыла вопратку і іншыя прадметы быту. Рушнікі – гэта асаблівы элемент бабулінай вышыўкі. Яна заўсёды вырабляла іх з вялікай увагай. Кожны ўзор прадумвала і толькі потым вышывала. У яе творчасці можна знайсці як вышытыя рушнікі, так і тыя, дзе ўшытыя толькі вязаныя кручком каруначкі, што робіць іх яшчэ больш прыгожымі і ажурнымі.
Накутнікі для абразоў і абрусы ёсць як ільняныя саматканыя, вышытыя крыжом, так і больш сучасныя, пашытыя з палатна і вышытыя гладдзю. Бабуля верыла, што такія ўзоры прыносяць у дом шчасце і дабрабыт, таму на абрусах красуецца жытні колас, сонейка, кветкі і птушкі.
На падузорніках і навалках яна вышывала розныя кветкавыя ўзоры: чырвоныя ружы, васількі, дубовыя лісткі з жалудамі, як сімвал дужасці. Кожны ўзор быў унікальным, бо бабуля любіла эксперыментаваць з колерамі і формамі. Часта ўжывала тэхніку двухколернага гладкага шва, што дазваляла ёй ствараць цікавыя пераходы.
У святы уся яе хата квітнела ад прыгажосці, напаўнялася цеплынёй, радасцю і святлом. Нават у 21 стагоддзі, заглянуўшы ў госці да бабулі, адпраўляўся вандраваць у мінулае. А сёння, калі мы глядзім на гэтыя прыгожыя вырабы ручной працы, адчуваем тую самую цеплыню і любоў, укладзеныя ў кожны стык ніткі.
Вышыўка Веры Каралёвай – не толькі мастацтва і частка сямейнай гісторыі, але і наша культурная спадчына, якая заслугоўвае ўвагі і павагі.
Ганарымся гэтым багаццем і захоўваем яго для будучыні!
Фота аўтара



