
Што для нас музей? Цішыня, летапісы мінулага і стрыманыя экскурсаводы… Але напярэдадні Міжнароднага дня музеяў гэтыя ўстановы перамяняюцца і паўстаюць перад наведвальнікамі ў нязвыклым ракурсе.
У мінулую пятніцу Касцюковіцкі краязнаўчы музей забыў пра строгія правілы. Дарослым і юным гасцям прапанавалі праграму “Вечар у музеі”.
Перад наведвальнікамі выступіў ансамбль “Сугучча” раённага цэнтра дзіцячай творчасці, задаўшы бадзёры настрой з самага пачатку імпрэзы. У “Савецкім буфеце” можна было пачаставацца духмянай гарбатай і атрымаць салодкі пачастунак. Увагу самых маленькіх прыцягнула забаўляльная праграма “Пляцоўка добрага настрою”.
Галоўныя прыгоды чакалі ўдзельнікаў мерапрыемства на квэст-гульнях. Таты і мамы разам з дзецьмі разгадвалі загадкі і красворды, збіралі пазлы і правяралі свае веды пра скарбы пастаянных экспазіцый музея. На квэсце па выставе “Грукат латаў і звон кальчугі” кожны мог адчуць сябе рыцарам, прымерыўшы сапраўдныя даспехі і ўзяўшы ў рукі старадаўнюю зброю. Як думаеце, наколькі зручнымі былі, напрыклад, рыцарскія пальчаткі? Ці здолеў бы закаваны ў метал да кончыкаў пальцаў ваяр… разгарнуць цукерку? На практыке гэта высветлілі госці вечара. Можна было нават паўдзельнічаць ў аблозе горада і пакіраваць катапультай – у міні-фармаце, канечне.
Для тых, каму да душы больш спакойныя заняткі, былі арганізаваныя майстар-класы па вышыўке і вязанню карункаў, а народны майстар Валянціна Волкава пазнаёміла дзяўчат з кроснамі для пачаткоўцаў і асновамі ткацкага рамяства. Прыдбаць зробленыя з любоўю сувеніры можна было на выставе-продажы вырабаў майстроў Дома рамёстваў.
Можна не сумнявацца, што кожны наведвальнік забраў з сабою не толькі прызы і класныя фотаздымкі, але і самае каштоўнае – прыемныя ўражанні і новыя веды. А яшчэ, мяркую, пацверджанне таго, што на знаёмыя і звыклыя рэчы карысна часам зірнуць з іншага боку – і, магчыма, адкрыць для сябе захапляльныя цікавосткі.
Калектыў музея выказвае падзяку Касцюковіцкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і асабіста яе старшыні Ларысе Эліянораўне Герасімавай за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Фота аўтара


































