Віртуальны музей Аркадзя Куляшова «Сэрдца, дзе ўсёй зямлі трывога…»

0
2921
Галоўная старонка віртуальнага музея Аркадзя Куляшова.

Ёсць у паэта свой аблог цалінны,

Некрануты прастор для баразён,

Дзе ён працуе з першае хвіліны

І да апошніх вечаровых дзён…

Аркадзь Куляшоў.

1
Аркадзь Куляшоў. 1974 г.

 Сярод пісьменнікаў XX стагоддзя народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў займае адметнае месца, а яго імя, несумненна, належыць да ліку самых вялікіх імёнаў у нацыянальнай літаратуры. Калі на гістарычнай карце беларускай паэзіі правесці прамую па самых высокіх вяршынях, то яна, па меркаванні паэта Ніла Гілевіча, пройдзе так: Багушэвіч – Багдановіч – Колас – Купала – Куляшоў.

Аркадзь Куляшоў – адзін з тых, хто вывеў беларускую паэзію, а, разам з тым, і ўсю літаратуру на міжнародны ўзровень – яшчэ пры жыцці паэта на беларускай, рускай і замежных мовах было выдадзена 93 яго кнігі.

Ён выказаў свой час так, як гэта мог зрабіць толькі ён, паэт, якіх у кожны век з’яўляецца лічаныя адзінкі. Асабліва гэта відавочна стала на пачатку шасцідзясятых гадоў, калі паэзія А. Куляшова загучала сапраўды па-філасофску, закранаючы космас і мікракосмас жыцця чалавека. Яшчэ раней, у далёкім 1947 годзе, ім была напісана балада «Зямля», у якой Куляшоў выказаў адчуванні касманаўтаў (тады аўтар называў іх астраномамі) пасля звароту з міжпланетнага палёту. Гэтая праніклівасць уразіла і надта здзівіла беларускага касманаўта Пятра Клімука, калі ён даведаўся, што верш быў напісаны за паўтара дзесяцігоддзі да першага касмічнага палёту. Не без падстаў хваляваўся і непакоіўся паэт, раздумваючы і над шляхамі цывілізацыі. За 23 гады да чарнобыльскай катастрофы, яшчэ ў 1963 годзе, паэт папярэджваў аб небяспечнасці атама, выказваў свае хваляванні аб лёсе роднай рэчкі дзяцінства – Бесядзі: «нечысць вадародная даверлівых яе атруціць рыб». Тут ёсць над чым падумаць і ёсць чаму здзівіцца, і ўсё ж, напэўна, здзіўляцца не варта: вялікі паэт – заўсёды прарок.

Роўна паўстагоддзя доўжыўся яго творчы шлях. Пяцьдзясят гадоў нястомнай, натхнёнай працы, і як вынік – амаль пяцьдзясят кніг паэзіі. У якім паэтычным жанры яго магутны талент рэалізаваўся найбольш моцна і поўна – сказаць цяжка. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што ва ўсіх, да якіх ён звяртаўся. Лірычныя вершы Куляшова заўсёды выразныя эмацыянальна і глыбокія па думцы, а цыкл «Снапы», напісаны шаснаццацірадкоўямі – наогул адно з вышэйшых дасягненняў беларускай філасофскай лірыкі XX стагоддзя. Яго балады ўражваюць смеласцю задумы, вострым драматызмам сюжэта, дасканаласцю кампазіцыі, а паэмы складаюць велічны паэтычны эпас, у якім адлюстраваны ўсе важнейшыя этапы і паваротныя моманты ў гістарычным лёсе беларускага народа больш чым за сто гадоў. Пакуты людзей на імперыялістычнай вайне, гераізм грамадзянскай вайны, калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна, космас і думы пра будучыню – вось няпоўны пералік тых падзей нашага жыцця, да якіх дакранулася неспакойнае пяро Куляшова.

Трэба адзначыць, што амаль ні адна з васямнаццаці паэм Куляшова сваёй жанрава-стылёвай характарыстыкай не паўтарае другую. Строга эпічная, класічнага ўзору паэма «Антон Шандабыла», рамантычна-ўзнёслая паэма-песня «У зялёнай дуброве», лірыка-публіцыстычная паэма-араторыя «Хлопцы апошняй вайны», гераічная паэма «Песня аб слаўным паходзе», народная паэма-трагедыя «Сцяг брыгады», паэма-казка «Прыгоды цымбал», паэма-легенда «Перамога», паэма-аповесць «Новае рэчышча», ліра-эпічная паэма «Толькі ўперад», вершаваная хроніка з дзвюх аповесцей «Грозная пушча», філасофская паэма «Цунамі», паэма-біяграфія «Далёка да акіяна», лірычная паэма-споведзь «Варшаўскі шлях». I нарэшце – гістарычная драма ў вершах «Хамуціус» пра лёс і подзвіг Кастуся Каліноўскага.

Бясспрэчна, паэту прыйшлося прайсці праз пэўныя кругі выпрабаванняў на сталасць і творчую самастойнасць, каб дасягнуць узроўню народнага паэта, каб яго творы былі ўключаны ў праграмы навучальных устаноў, перакладзены больш як на 33 мовы свету. Відавочна, што Аркадзя Куляшова з упэўненасцю можна назваць летапісцам вялікай эпохі, а яго лёс – лёсам цэлага пакалення, што пацвярджаў і сам пісьменнік:

Мне кожны год, нібы жыццём другім,

Жыць у дваццаты век наш давялося…

Я – акіяну жытняга калоссе:

Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,

Яшчэ да дна не вычарпаным лёсе.


Сёлета, шостага лютага, споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння славутага сына Магілёўшчыны. Адзін мудрэц некалі сказаў: «I малая радзіма – таксама вялікая, бо яна адзіная». На працягу ўсяго свайго творчага шляху паэт быў верны глыбокаму пачуццю любові да роднай зямлі. І калі, як не ў Год малой радзімы, наспеў самы час аддаць належнае нашаму знакамітаму земляку, чый творчы набытак з’яўляецца гонарам і славай беларускай культуры.

З нагоды ўшанавання памяці выдатнага паэта аддзел маркетынгу Магілёўскай абласной бібліятэкі стварыў унікальны інтэрнэт-праект – віртуальны музей Аркадзя Куляшова «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога», прысвечаны яго жыццю, яго творчасці, яго спадчыне, яго следу ў беларускім і сусветным мастацтве.

Экслібрыс А. Куляшова мастака Я. Красоўскага. 1973 г.
Экслібрыс А. Куляшова мастака Я. Красоўскага. 1973 г.

Рэсурс складаецца з сямі вялікіх раздзелаў, матэрыялы якіх ахопліваюць розныя бакі шматграннай жыццёвай і творчай дзейнасці Аркадзя Куляшова, узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках біяграфію. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і калег па пяру, тэкстамі выступленняў А. Куляшова, інтэрв’ю, лістамі, архіўнымі матэрыяламі, фотаздымкамі і дакументальнымі кадрамі, а таксама тэматычнымі нататкамі аб асобных старонках жыцця: малая радзіма, сям’я, Вялікая Айчынная вайна.

У раздзеле «Творчасць» грунтоўна разглядаецца літаратурная спадчына паэта. Нагадаем, што паэту было ўсяго толькі шаснаццаць гадоў, калі выйшла яго першая кніга паэзіі, а ў васямнаццаць ён ужо з’яўляўся аўтарам трох вершаваных зборнікаў і вялікай (110 кніжных старонак!) драматызаванай паэмы «Аманал», крытычны разгляд якой зрабіў у спецыяльным артыкуле Якуб Колас. Беларуская паэзія не ведае, здаецца, другога такога ранняга і крутога творчага ўзыходу. Ужо ў дваццаць пяць гадоў Куляшоў піша вершы і паэмы, якія потым стануць хрэстаматыйнымі, стануць нашай паэтычнай класікай. Чаго толькі каштуе яго славутая паэма «Сцяг брыгады» – вялікае дасягненне ўсёй савецкай паэзіі ваеннага часу і наогул першая паэма пра вайну і на вайне, напісаная ў франтавых умовах 1942 года за сорак дзён і ў хуткім часе перакладзеная на рускую і дзясяткі моў іншых народаў. У няпоўных трыццаць – ён ужо знакаміты на ўвесь Савецкі Саюз і вядомы за межамі краіны, адзін з самых прызнаных і аўтарытэтных майстроў савецкай паэзіі.

А аўтарытэт Куляшова і сапраўды быў агромністы і непахісны. Для яго сучаснікаў сама прысутнасць у літаратуры Куляшова значыла вельмі многа, даражылі яго думкай, яго скупою пахвалой і нават самым простым знакам увагі. Гэта быў аўтарытэт дасканалага майстра і мудрага настаўніка, аўтарытэт, які здабываецца ў жыцці далёка не кожным нават і з вельмі вядомых і прызнаных творцаў.

На старонках рэсурсу даецца поўны спіс яго кніг, прыводзяцца тэксты асобных вершаў і паэм, публіцыстычных артыкулаў, копіі рукапісаў і машынапісаў з аўтарскай праўкай, аўдыязапісы твораў у выкананні як самога аўтара, так і чытальнікаў, а таксама вялікая колькасць літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, што сведчыць аб тым, як цікавіліся яго творчасцю і як высока яе цанілі яшчэ пры жыцці паэта чытачы і крытыкі, калегі і пабрацімы – знакамітыя майстры шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Дастаткова толькі ўспомніць артыкулы вялікага рускага паэта Аляксандра Твардоўскага.

Вывучаецца праца Куляшова ў галіне мастацкага перакладу, да якой ён ставіўся з такой жа адказнасцю, як і да ўласнага верша. Даследуюцца яго паэтычныя пераклады на беларускую мову вершаў С. Ясеніна, М. Лермантава, Р. Гамзатава, К. Куліева, вершаў і паэм А. Пушкіна, «Песня аб Гаяваце» Г. Лангфела, «Энеіда» I. Катлярэўскага, адзначаныя высокай культурай, натхнёнай дакладнасцю, а таксама Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы ў 1971 годзе.

З майстэрствам Куляшова-сцэнарыста знаёміць раздзел «Паэт у мастацтве» – працяглы час ён працаваў галоўным рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм», з’яўляўся сааўтарам трох мастацкіх стужак, у якіх зняліся такія вядомыя акцёры, як Клара Лучко, Расціслаў Янкоўскі, Мікалай Яроменка (старшы), Наталля Кусцінская, гучаў голас Эдіты П’ехі, а фільм «Чырвонае лісце» ў 1958 годзе стаў лідэрам пракату – на працягу года карціну паглядзелі больш 33-х мільёнаў гледачоў.

Акрамя прагляду фільмаў рэсурс дае магчымасць праслухаць і песні, напісаныя знакамітымі беларускімі кампазітарамі на вершы Куляшова, сярод якіх – усім вядомая песня Ігара Лучанка «Алеся», што ў выкананні ансамбля «Песняры» набыла шырокую свядомасць. У 1970-я гады песня была шлягерам – кожны дзень яе можна было пачуць па радыё. Але мала хто ведае, што ў яе аснову пакладзены верш «Бывай», напісаны Куляшовым у чатырнаццацігадовым узросце. Прататыпам вобраза Алесі была школьная сяброўка маладога паэта, шаснаццацігадовая дзяўчына, прыгожая і абаяльная – Карыткіна Аляксандра. Яна абудзіла ў падлетка пачуццё першага кахання, якое ён пранёс праз усё сваё жыццё.

Трэба адзначыць, што інтэрнэт-рэсурс аказаўся такім маштабным па аб’ёму змешчанай у ім інфармацыі, што работа па напаўненні яго старонак яшчэ працягваецца. У хуткім часе для вучняў і настаўнікаў стане каштоўным раздзел «Куляшоў у школе», дзе ўжо прапанаваныя сцэнарыі святочных мерапрыемстваў будуць дапоўнены метадычнымі распрацоўкамі ўрокаў па творчасці паэта, а таксама літаратурнымі гульнямі і інтэрактыўнымі віктарынамі. Раздзел «У памяць», які змяшчае творы-прысвячэнні паэту, дапоўняць звесткі пра лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, літаратурны музей на радзіме паэта – Касцюкоўшчыне і ўвекавечванне памяці паэта на ўзроўні рэспублікі.

На сённяшні дзень віртуальны музей Аркадзя Куляшова з’яўляецца адзіным праектам такога кшталту і маштабу ў Магілёўскай вобласці, ды і наогул у рэспубліцы, значнай падзеяй Года малой радзімы. Мы, яго землякі, перакананы, што як выдатны мастак слова і сапраўдны патрыёт сваёй краіны, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому давялося расказаць пра яе за кожнага загінуўшага жыхара Беларусі, Аркадзь Куляшоў заслугоўвае, каб напісанае ім было сабрана, даследавана і прадстаўлена грамадству як мага поўна.

Ідэя стварэння віртуальнага музея Аркадзя Куляшова абумоўлена яшчэ і тым, што да гэтага часу ў краіне не выдадзены навуковы каментаваны Збор твораў А. Куляшова. Яшчэ на пачатку 1980-х гадоў у Інстытуце літаратуры НАН Беларусі была распачата праца па яго падрыхтоўцы, але па незалежных ад Інстытута прычынах так і засталася не завершанай, як зрэшты засталася нерэалізаванай і другая спроба ажыццявіць даўно чаканы праект па выданні Збору твораў А. Куляшова ў 8 тамах, якую планавалася здзейсніць у 2014 годзе, да 100-годдзя паэта.

Машынапіс верша «Я маці абавязаны калыскаю…» з аўтарскай праўкай.
Машынапіс верша «Я маці абавязаны калыскаю…» з аўтарскай праўкай.

Такім чынам, наш праект, наш уклад ва ўвекавечванне памяці Аркадзя Куляшова – гэта яркае сведчанне павагі да свайго слыннага земляка ад усіх жыхароў Магілёўшчыны.

Час не ўладны над мастацтвам, нельга паставіць кропку ў летапісе жыцця Майстра і яго твораў. Паэзія Аркадзя Куляшова з гадамі не старэе, а набывае яшчэ большую моц, сілу і хараство, а таму яго дыялог з часам, з вечнасцю, з усёй неабсяжнасцю быцця працягваецца і ў дваццаць першым стагоддзі. Змяняюцца пакаленні, прыходзяць новыя даследчыкі, чытачы і прыхільнікі. Несумненна, куляшовазнаўства, пастаянна развіваючыся, заўсёды будзе «недапісанай старонкай» беларускай літаратуры, таму і віртуальны музей Аркадзя Куляшова будзе напаўняцца новымі матэрыяламі.

Пры стварэнні рэсурсу выкарыстаны вялікі пласт дакументаў з фонда ўстановы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна», матэрыялы са свабодных крыніц інтэрнэт. Але ж першааснову склалі напрацоўкі, якія ствараліся ў бібліятэцы на працягу папярэдніх некалькіх гадоў: гэта грунтоўныя метадычныя рэкамендацыі з электронным дадаткам і біябібліяграфічны паказальнік, выдадзеныя да 100-годдзя паэта, а таксама карпатлівая пошукавая праца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Стваральнікі рэсурсу выказваюць шчырую падзяку дырэкцыям Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь за дазвол выкарыстання ў праекце копій фондавых архіўных дакументаў.

Галоўная старонка віртуальнага музея Аркадзя Куляшова.
Галоўная старонка віртуальнага музея Аркадзя Куляшова.

Наведаць віртуальны музей Аркадзя Куляшова і пазнаёміцца са спадчынай славутага сына Магілёўшчыны магчыма праз сайт Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна, спасылку на рэсурс можна знайсці і ў Вікіпедыі.

Не для славы і не за ордэн,

А для народа, і ў гонар яго

Мае песні і маё слова,

І жыцця вірунак майго…

А. Куляшоў

 

Цікавыя факты з жыцця Аркадзя Куляшова

 

  • Паэт расцэньваў як знак лёсу, што нарадзіўся ў год пачатку Першай сусветнай вайны і ўсё жыццё насіў з сабой манетку 1914 года.
  • Паводле слоў самаго А. Куляшова, ён памятаў свае вершаваныя спробы на рускай мове з чатырохгадовага ўзросту. Як толькі навучыўся пісаць – «не пераставаў чыркаць карандашом».
  • Пісаць пачаў на рускай мове. Тады іх мясцовасць яшчэ ўваходзіла ў склад РСФСР (да 1924 года). Быў час, калі ў яго назбіралася два сшыткі вершаў. Ён аб’яднаў іх назвай: «Собрание сочинений Кулешова несчастного».
  • У 1926 годзе ў Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» пад псеўданімам Аркадзь Дуда быў апублікаваны верш «Ты мой брат», які стаў літаратурным дэбютам дванаццацігадовага Куляшова.
  • Першы ганарар атрымаў у чатырнаццаць гадоў. З першай кнігі «Росквіт зямлі» яе рэдактар Міхась Чарот зняў па нейкіх меркаваннях усю лірыку. Таму паэт паставіў падзагаловак «першая кніга» пад зборнікам «Па песню, па сонца!..», выдадзеным праз два гады…
  • Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Куляшоў рваўся на фронт, але яго накіравалі на службу ў армейскую газету «Знамя Советов», дзе ён працаваў усю вайну ваенным карэспандэнтам. Па дарозе на фронт А. Куляшоў закапаў свой ненадрукаваны яшчэ пераклад паэмы «Яўгеній Анегін», які потым так і не знайшоўся. Адразу пасля вайны ён зрабіў новы пераклад паэмы А. Пушкіна.
  • «Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсё гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях», – так пісаў пра работу франтавога журналіста А. Куляшова рускі паэт А. Суркоў.
  • Творы ваеннай пары А. Куляшова па сіле ўздзеяння на чытача лічацца наймацнейшымі з напісаных паэтамі-франтавікамі, бо грунтуюцца на канкрэтных рэаліях, асабістым ваенным вопыце. Вершы паэта на вайне сталі зброяй, яны натхнялі байцоў на подзвігі, станавіліся паходнымі песнямі салдат-франтавікоў, друкаваліся асобнымі лістоўкамі, закідваліся самалётамі ў тыл ворага, у партызанскія атрады.
  • Аркадзь Куляшоў ведаў, што з ворагам трэба змагацца ўсімі відамі зброі, а адным з важнейшых яе відаў з’яўляецца гумар. Так у газеце з’явілася каля 80 фельетонаў пад загалоўкам «Рассказ о том, как бьет врагов на фронте Алексей Петров», большасць з паловы якіх належыць пяру Аркадзя Куляшова. Калі воін праслаўляўся ў баі, яму гаварылі: «Малайчына! Дзейнічаў, як Пятроў». Асаблівы поспех на старонках газеты «Знамя Советов» меў і створаны Куляшовым гумарыстычны куток «Вралишер Тарабахтер» – пародыя на загаловак фашысцкай газеты «Фелькишер Беобахтер», які выкрываў фашысцкую хлусню аб становішчы на фронце.
  • У 1942 годзе Куляшоў напісаў паэму «Сцяг брыгады» – найбольш значны свой твор ваеннага часу і ўвогуле адзін з самых выдатных твораў усёй савецкай літаратуры гэтага перыяду. А. Твардоўскі назваў яе «народнай паэмай». За паэму ў 1946 годзе А. Куляшову прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР першай ступені. Атрыманую прэмію паэт патраціў на пабудову новага дома бацькам у Хоцімску, замест спаленага фашыстамі.
  • За вялікія заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Куляшоў узнагароджаны некалькімі медалямі, у тым ліку «За боевые заслуги» і «За отвагу».
  • Народны паэт вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Працяглы перыяд з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, удзельнічаў у Сусветнай канферэнцыі моладзі ў Лондане, у рабоце ХVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
  • З 1947 па 1978 гады быў Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2–9 скліканняў, добрасумленна выконваў свае абавязкі слугі народа да канца жыцця, клапаціўся аб людзях, дапамагаў. Шмат намаганняў паклаў, каб пабудаваць школу ў Саматэвічах Касцюковіцкага раёна, памяшканне для бібліятэкі ў в. Трасціно Хоцімскага раёна.
  • Куляшова вельмі любілі каты і сабакі, у маладосці ён браўся на спор падысці і пагладзіць самага злога сабаку. Дачка паэта Валянціна Аркадзьеўна гаварыла, што ва ўсіх жывых стварэнняў, што жылі ў іхняй хаце і на дачнай сядзібе, бацька карыстаўся асаблівым даверам. У 1949 годзе ў іх доме з’явілася вавёрка, якая кусала ўсіх, хто спрабаваў дакрануцца да яе, і ўрэшце прызнала толькі Куляшова. Вавёрка жыла ў яго кабінеце ў вялікай клетцы, што стаяла на падлозе каля адной з кніжных шафаў. У клетцы яна толькі спала, увесь астатні час праводзіла на свабодзе ў абсягу кабінета. Гаспадар любіў назіраць за вавёркай, але ніколі не спрабаваў дакрануцца да яе. Можа, якраз таму яна мела давер толькі да яго, ускокваючы са сваім арэхам на яго плячо, калі Куляшоў садзіўся за стол, каб пісаць, ці ўладкоўвалася ў яго на грудзях, калі паэт працаваў лежачы. На Нарачы ў іх жыў певень, які вельмі любіў сядзець на плячы паэта ці галаве – у такіх выпадках ён пераставаў нават варушыцца, каб выпадкова не скінуць птушку.
  • 4 лютага 1978 года ў Нясвіжы Аркадзь Куляшоў заўчасна памёр. З неафіцыйных крыніц вядома, што шостага лютага, у дзень нараджэння паэта, павінны былі аб’явіць у прэсе аб прысваенні А. Куляшову звання Герой Сацыялістычнай Працы. Але на пахаванні паэта П.М. Машэраў сказаў, маючы на ўвазе тую акалічнасць, што званне Героя Сацыялістычнай Працы пасмяротна не прысвойваецца…
  • Імя Аркадзя Куляшова прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, у якім праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Куляшоўскія чытанні». З 1979 года ў Беларусі аўтарам лепшых мастацкіх твораў прысуджаецца літаратурная прэмія імя А. Куляшова. На радзіме паэта, у школе в. Новыя Саматэвічы, куды перасяліліся жыхары былых Саматэвіч пасля Чарнобыльскай аварыі, створаны літаратурны музей.

автор статьиЮлія КАСЦЮК,

вядучы рэдактар аддзела маркетынгу

УК «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна».

 

Нет постов для отображения