З любоўю да слова

0
772

З любоўю да словаЗвычайна да позняй ночы не гасне святло ў вокнах яе дома. На стале акуратна складзеная кіпа сшыткаў. Жанчына пільна ўглядаецца ў вучнёўскую работу. Выпраўлены памылкі, пастаўлена апошняя адзнака. Здаецца, што разам з гэтым закончаны і працоўны дзень. Але не. Яшчэ шмат работы прадстаіць настаўніцы. Трэба ўдумліва падрыхтаваць план урокаў, прадумаць факультатыўныя заданні, намеціць мерапрыемствы па сацыяльнай рабоце.

Яшчэ ў вушах стаіць рознагалосы дзіцячы гоман, а рука роўным почыркам выводзіць новую тэму ўрока. У цішыні безупынна парыпвае пяро, і раз-пораз чуецца легкае шапаценне перагортваемых старонак.  Даўно за поўнач. А ў думках ужо заўтрашні дзень, які, як і папярэдні, праходзіць у нязменных клопатах аб дзецях. Асноўную частку свайго часу, а гэта амаль 30 гадоў, яна аддала ім.

Спачатку А. М. Шкробава працавала ў Сялецкаўскай школе бібліятэкарам. Адданая любоў да кніг зарадзілася ў яе яшчэ з дзяцінства. Пасля заканчэння Магілеўскага педагагічнага інстытута імя А. А. Куляшова яна ўжо настаўніцай беларускай мовы і літаратуры прадоўжыла працоўную дзейнасць у роднай школе.

Кажуць, чалавек можа многае, асабліва, калі аддае справе шчодрасць  сваёй душы. Свой прадмет Алена Мікалаеўна вельмі добра ведае. Кожны яе ўрок – адкрыццё новага свету для дзетвары. Ён, гэты свет, і ў творах Коласа і Купалы, і ў гуках роднай мовы.

Дзяцей часта параўноўваюць з кветкамі, якія ўвасабляюць у сабе ўсю прывабнасць, прыгажосць. Далікатнай павінна быць рука кветкавода. Але наколькі больш складанай і тонкай з’яўляецца работа таго, хто росціць не кветкі, а чалавека ўпачатку яго свядомага жыцця. Як сацыяльнага педагога Алену Мікалаеўну хвалююць праблемы выхавання дзяцей у сем’ях з небяспечным сацыяльным становішчам. Таму пасля ўрокаў яна наведвае іх, праводзіць гутарку з бацькамі. На самой справе, так робiць не толькi гэтая настаўнiца. Ведаю, што i Ляхавiчы могуць назваць некалькi сваiх прадстаўнiц.

Чым вымераць, як ацаніць працу такога настаўніка? Вядома, што галоўны паказчык працы А. М. Шкробавай – паспяховасць яе вучняў. Але ці ўкладзеш у адзнаку, няхай самую высокую, усяго таго добрага, патрэбнага, што прывівае настаўніца сваім вучням. Яркім прыкладам яе майстэрства з’яўляецца вучаніца 11 класа, гонар школы —  Анжаліка Саўчанка. На працягу трох гадоў дзяўчына станавілася лепшай у раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па прадмеце. Сёння А. М. Шкробавай удзячны і калегі, якія маюць магчымасць раіцца як  з вопытным, эрудыраваным, кампетэнтным чалавекам, і вучні, якіх яна не перастае здзіўляць сваей жыццярадаснасцю, настойлівасцю і энергічнасцю і, безумоўна, бацькі — за адданасць і мацярынскую любоў да іх дзяцей.

Трэба адзначыць пры гэтым, што ў Алены Мікалаеўны дзве дарослыя і прыгожыя  дачкі,  тры ўнукі, у якіх яна бачыць сэнс свайго жыцця.

За поспехі ў працы на карысць дзяржавы раённы выканаўчы камітэт вырашыў занесці імя лепшай настаўніцы на Дошку гонару. Таму з такімі настаўнікамі, як А. М. Шкробава, школа можа ўпэўнена глядзець у будучае!

Ірына НЯКРЫЛАВА

 

Нет постов для отображения