Пройдуць гады, дзесяткі гадоў, але будзе жыць у памяці людской самая жудасная трагедыя канца 20-га стагоддзя. Такая вёска, як Саматэвічы, не можа забыцца нават па той простай прычыне, што Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь пасёлку для перасяленцаў у 1994 годзе дадзена назва Новыя Саматэвічы. Гэтак жа па просьбе жыхароў назву атрымала і школа, куды перамясціўся музей народнага паэта Аркадзя Куляшова.
Між іншым, на долю Саматэвіч і да чарнобыльскай катастрофы выпадалі жорсткія выпрабаванні. У гады Вялікай Айчынная вайны яна была амаль цалкам спалена акупантамі. Тады загінулі 276 яе жыхароў. Аднак вёска адрадзілася.
Пасля выбуху на атамнай электрастанцыі людзі выехалі з Саматэвіч у Ліпаўку. Нават чалавек з моцнай нервовай сістэмай не можа спакойна глядзець на пакінутыя дамы некалі вялікай і слаўнай вёскі. Пакінуты самы прыгажэйшы і багаты на прыродныя дары куток нашага раёна. Аказаліся непатрэбнымі ўрадлівыя землі на беразе знакамітай па чысціні, апетай Куляшовым прыгажуні Беседзі. Да аварыі яна была прыцягальным месцам для дзяцей і дарослых.
I няма нічога дзіўнага, што пакінулі свае аселыя месцы не ўсе. Там-сям можна сустрэць састарэлых, якія не хочуць развітвацца са сваёй небагатай гаспадаркай, нават не прывабліваюць іх катэджы з усімі зручнасцямі. У асноўным гэта людзі, шмат пабачыўшыя на сваім вяку, многае перажыўшыя. “Колькі таго жыцця засталося…» – звычайна адказваюць яны на пытанне аб небяспецы, якой падвяргаецца і без таго хліпкае здароўе. Але нічога з сабой зрабіць не могуць. Кожную вясну многія дзесяцігоддзі яны апрацоўваюць зямлю, збіраюць ураджай, трымаюць кароў, іншую жыўнасць на падворках, коней, без якіх ніяк нельга абыйсціся. Коні, у дадатак да цяглавай сілы, і транспартным сродкам служаць.
Па-ранейшаму, як і ў дачарнобыльскі час, прыходзіць вясна на саматэвіцкія землі, вяртаюцца з выраю птушкі. Толькі ці вернуцца (і якога пакалення) сюды людзі?