85-годдзе паэткі Любові Лягчылавай адзначылі ў раённай бібліятэцы

0
346

У літаратурнай гасцёўне народнай студыі літаратурнага мастацтва «Крынічка» прайшоў вечар-успамін “А сэрца з табою маё, Беларусь!”. Вечарына прысвечана памяці нашай зямлячкі, паэткі Любові Лягчылавай, якой 15 красавіка споўнілася б 85 год.

Жыццёвы шлях Любові Максімаўны быў няпросты: цяжкае дзяцінства ў ваенныя гады, смерць бацькі, які змагаўся ў партызанскім атрадзе, пасляваенная вучоба ў школе, да якой маленькай Любе прыходзілася праходзіць пешшу некалькі кіламетраў туды і назад у любое надвор’е, страта бацькоўскага дома, блізкіх і родных у выніку наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС… Але самай балючай стратай для Любові Максімаўны стала смерць трох яе сыноў.

Цяжкае і галоднае дзяцінства паспрыяла выбару прафесіі. Расціць хлеб стала дзелам усяго жыцця Любові Максімаўны. Паэтка аддала сельскай гаспадарцы 36 гадоў, працавала аграномам і на малой радзіме, і ва Украіне, куды пераехала з сям’ёй у 1974 годзе, атрымала званне “Ветэран працы”.

Тэме хлебаробства Любоў Лягчылава прысвяціла многія свае вершы. У адным з іх яна кажа:

Не высказать, какое это счастье

Растить хлеба на дедовской земле.

Всё нипочём: мороз, жара, ненастье –

Я там с зарёй, под солнцем, в снежной мгле.

Вершы Любоў Максімаўна пачала пісаць яшчэ ў школьныя гады. Друкавалася ў розных газетах і невялікіх зборніках. Усяго было выдадзена шаснаццаць зборнікаў паэткі. Некаторыя з яе вершаў былі пакладзены на музыку. Беларуска па нацыянальнасці, Любоў Лягчылава пісала свае вершы на трох мовах: рускай, беларускай і ўкраінскай.

Асаблівыя пачуцці паэтка мае да сваёй малой радзімы — Касцюковіцкай зямлі. “Двор-Буда”, “Бялынкавічы”, “Сялецкае”, “Касцюковічы” – вось назвы толькі некаторых са шматлікіх вершаў, прысвечаных родным мясцінам і землякам.

З гадамі ў гэтых вершах ўсё часцей і часцей з’яўляюцца ноткі суму аб дзяцінстве, бацькаўшчыне, родных людзях. Асабліва пранізлівымі атрымліваюцца вершы аб роднай вёсцы, поўныя жалю аб тым, што страчана ў выніку ад’езда на новае месца жыхарства і болю ад немагчымасці вярнуцца домоў. Тэма Чарнобыльскай трагедыі чырвонаю ніткай прайшла праз творчасць Любові Лягчылавай. У адзін момант змянілася ўсё жыццё. У шматлікіх вершах Любоў Максімаўна піша аб жаху і стратах, якія прынясла людзям чарнобыльская навала.

Нягледзячы на пачуццё адзіноты, якое пераследавала Любоў Максімаўну на працягу жыцця, яна ўсё ж была не адна. У яе была сям’я, сябры, пра якіх яна таксама заўсёды памятала, і землякі, да якіх яна вельмі часта прыяджала ў госці. Шмат гадоў сяброўства і супрацоўніцтва звязвала Любоў Максімаўну з Марыяй Паўлаўнай Пуцята, якая падзялілася сваімі ўспамінамі пра паэтку. Слова мела і Алена Мікалаеўна Шкробава, якая таксама была асабіста знаёма з Любоўю Лягчылавай.

Нягледзячы на тое, што аднойчы прыйшлося развітацца з радзімаю, Любоў Максімаўна не забывала ніколі аб сваёй любай Беларусі, прыгажосці роднай зямлі.

26 кастрычніка 2019 года Любові Максімаўны Лягчылавай не стала. Але яна пакінула нам самае вялікае сваё багацце – вершы, поўныя бясконцай любові да роднай  зямлі, роднай мовы, народа. Сваю любоў яна змагла пранесці праз час, выпрабаванні лёсу і разлуку з Радзімай дліною у цэлае жыццё.  Менавіта гэта пачуццё ў самыя цяжкія хвіліны і давала моцы, каб жыць далей:

Я натамілася па свеце ўсюды ездзіць

За сіняй птушкай, хто ж яе дагоніць?

Зямля мая, дай сілы не сагнуцца,

Не схібіць на крутых сцяжынах долі.

У роспачы з адчаю не замкнуцца,

А слухаць, як калоссе шэпча ў полі.

На вечарыне прагучалі выбраныя вершы паэткі. Бліжэй з творчасцю Любові Лягчылавай  можна пазнаёміцца праз паэтычныя зборнікі, якія ёсць у цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Па матэрыялах цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота Ганны Глінясцікавай

Нет постов для отображения