95-годдзе Рыгора Ігнаценкі адсвяткавалі ў Касцюковіцкай бібліятэцы

0
118

Рыгор Ігнеценка выдатны беларускі дзіцячы пісьменнік-натураліст. Яго творы змалку вядомы кожнаму з нас. І сёння іх можна сустрэць ў буквары, шматлікіх чытанках, зборніках і анталогіях твораў аб прыродзе  – тых самых кнігах, па якіх мы вучымся чытаць і пазнаём сваю родную мову, культуру, краіну.

Нарадзіўся пісьменнік 20 лістапада 1930 года ў весцы Вусаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1937 годзе Рыгорка асірацеў і апынуўся ў спецыяльным дзіцячым доме “Камунары”, які знаходзіўся ў вёсцы Муравілле Касцюковіцкага раёна. Гэта падзея крута змяніла жыццё хлопчыка.  Яму спадабаліся выхаванцы, спадабаліся і працаваўшыя ў дзіцячым доме настаўнікі і выхавацелі, бо былі людзьмі маладымі і цікавымі і цалкам аддавалі сябе дзецям. У вольны час яны ладзілі для дзяцей цікавыя гульні і забавы.

Аднак найбольшую ўвагу Рыгоркі прыцягваў да сябе лес, што пачынаўся адразу за агароджай дзіцячага дому. Ён правадзіў там кожную вольную хвіліну і менавіта там, праз прыгажосць прыроды, праз знаёмства з яго насельнікамі, нараджалася пачуццё любові да роднай зямлі, прыроды. На ўсё жыццё застануцца з ім гэтыя пачуцці. Па меркаванні самога Рыгора Канстанцінавіча, атмасфера прагажосці, блізкасці з прыродай і зрабіла яго пісьменнікам. “Усяму прычынай дзіцячы дом,” – пазней казаў ён.

Далей была вайна, эвакуацыя ў Сярэднюю Азію, вучоба і служба ў войску. Пасля – навучанне музыцы. А ў 1956 годзе Рыгор Ігнаценка абірае месцам свайго жыхарства вёску Паплавы Бярэзінскага раёну Мінскай вобласці. І тут, ў гэтым маляўнічым куточку роднай Беларусі, канчаткова і беззваротна прыйшло да яго захапленне лесам, куды спяшаўся ён у любую вольную хвілінку, у любое надвор’е.

У гэтыж час жывілі яго няўёмную цікаўнасць да прыроды і ўсяго жывога навокал кнігі знакамітых пісьменнікаў-натуралістаў. Уражвалі, зддзіўлялі і станавіліся адкрыццём творы любімых пісьменнікаў: Міхаіла Прышвіна, Канстанціна Паустоўскага, Мікалая Сладкова, Віталія  Біянкі, Уладзіміра Салаухіна і іншых.

Навакольная прыгажосць, блізкасць да прыроды, невычэрпныя жыватворныя літаратурныя крыніцы, з якімі пашчасціла пазнаёміцца,  абудзілі яго асабісты літаратурны талент. У 1956 годзе Рыгор Ігнаценка напісаў сваё першае апавяданне, якое было надрукавана ў дзіцячай газеце “Зорька”. Далей было шмат публікацый у часопісах “Бярозка”, “Вясёлка”, газетах “Піянер Беларусі”, “Літаратура і мастацтва”, раённай газеце “Бярэзінская панарама”. І, нарэшце, ў 1964 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшаў першы зборнік маладога пісьменніка пад назвай “Лясныя тынкоўшчыкі”.

Усяго за сваё доўгае творчае жыццё Рыгор Ігнаценка стаў аўтарам чатырнаццаці зборнікаў апавяданняў і замалёвак аб прыродзе роднага краю, якія былі выдадзены агульным накладам каля паўмільёна экзэмпляраў.

Выдатны літаратурны талент Рыгора Ігнаценкі быў прызнаны не толькі яго чытачамі – дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі, а і ўсімі калегамі-пісьменнікамі. У 1993 годзе Рыгор Канстанцінавіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

На жаль, Рыгор Ігнаценка крыху не дажыў да свайго 95-годдзя. 8 красавіка 2025 года яго не стала. Пісьменнік быў пахаваны ў вёсцы Нягацічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Рыгор Канстанцінавіч нас пакінуў. Але з намі засталіся яго творы, напісаныя на цудоўнай роднай мове, прысвечаныя роднай зямлі, яе прыгажосці, яе скарбам і таямніцам і напоўненыя вялікай любоўю да нашай агульнай Радзімы.

 

 

Автор Ирина Коршунова

Фото из архива библиотеки

Нет постов для отображения