«Вучоба – гэта праца. Дзеля сваёй будучыні…»
Упэўнены ў тым, што гэтыя словы пісьменніцы і паэткі Ларысы Фёдараўны Вырко глыбока застануцца ў памяці не толькі вучняў СШ №4 г. Касцюковічы і Касцюковіцкага дзяржаўнага каледжу, але і ва ўсіх удзельнікаў літаратурнай вечарыны «Да роднае ракі далёка плыць…», прысвечанай яе 70-годдзю. Сапраўды, вучыцца патрэбна ўсё жыццё, а не толькі ў школе і універсітэте.
Вечарына, арганізаваная супрацоўнікамі Касцюковіцкай раённай бібліятэкі, прайшла 19 кастрычніка у чытальным зале бібліятэкі. На яе прыйшлі і моладзь, і людзі старэйшага ўзросту. Прычым адметнай асаблівасцю мерапрыемства была тое, што акрамя цудоўных вершаў Ларысы Вырко на вечарыне было шмат музыкі, народных песень, кінаматэрыялаў. А галоўнае – цёплых, шчырых слоў пра юбілярку, паэзію, родную мову.
Нягледзячы на тое, што нарадзілася Ларыса Фёдараўна ў вёсцы Дзяляцічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці, сваёй малой Радзімай яна лічыць Касцюкоўшчыну, а менавіта вёску Брацькавічы, куды яе бацькі, вясковыя настаўнікі Фёдар Герасімавіч і Надзея Захараўна Буранковы з двума дзецьмі (Ларысай і яе старэйшым братам Аляксандрам) пераехалі ў 1957 годзе. Тут і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучай пісьменніцы. Скончыўшы школу, Ларыса паступіла ў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С.М.Кірава. Затым працавала на Столінскай фабрыцы кухоннай мэблі вядучым інжынерам-тэхнолагам. З 1980 года Ларыса Фёдараўна жыве ў горадзе Столін Брэсцкай вобласці.
І пісаць вершы яна пачала менавіта ў роднай школе ў літаратурным гуртку «Раніца», які вяла яе маці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Пазней вершы паэткі пачалі друкавацца ў раённай газеце, абласным і рэспубліканскім перыядычным друку.
Сёння ў літаратурнай спадчыне Ларысы Вырко чатыры зборнікі вершаў, нарысаў і апавяданняў і два зборнікі беларускіх фальклорных песень – «Фальклорныя песні Століншчыны» и «Фальклорныя песні Прыбяседскага краю».
Безумоўна, самы дарагі твор для пісьменніцы – гэта зборнік «Вянок санетаў» (15 санетаў аб самых яскравых успамінах дзяцінства і юнацтва), які быў выдадзены ў 2023 годзе і прысвечаны памяці бацькоў. Ёсць у ім і такія радкі:
«Імчыцца час – яго няспынна плынь,
Душой і сэрцам толькі не астынь
Да той зямлі, цябе што ўзгадавала».
Віншавалі Ларысу Фёдараўну са святам сучасны і папярэдні дырэктары ДУК «Бібліятэчная сетка Касцюковіцкага раёна» Святлана Федасенка і Ала Мартыненка, школьная сяброўка Валянціна Лук’янава, удзельнікі народнай студыі літаратурнага мастацтва «Крынічка», касцюковіцкія пісьменніцы Марыя Пуцята і Раіса Кабанцова. Цудоўным музычным падарункам сталі песні ў выкананні вядомай ва ўсёй Беларусі выканаўцы аўтэнтычных беларускіх песень Ніны Сямёнаўны Бялугінай.
Шмат чаго цікавага расказала і сама пісьменніца. Напрыклад, як з інжынера-тэхнолага атрымаўся паэт, чым адрозніваецца мова беларусаў на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Брэстчыне, ці цяжка пісаць вершы, аб сваёй вялікай і дружнай сям’і і, канешне, аб малой Радзіме. Дарэчы, кнігу «Тут мае карані» Ларыса Фёдараўна прысвяціла Касцюкоўшчыне. Гэта сем апавяданняў аб дарагіх сэрцу аўтара куточках малой Радзімы: Слабадзе і вёсцы Брацькавічы, а таксама аб гісторыі Касцюковіцкага раёна.
– Кожнаму чалавеку трэба любіць і шанаваць сваю малую Радзіму, сваю родную мову, – звярнулася да ўдзельнікаў вечарыны Ларыса Вырко.– Моладзі патрэбна добра вучыцца. Вучоба – гэта праца дзеля сваёй будучыні, і якой яна будзе залежыць толькі ад вас. Я ўдзячна ўсім настаўнікам, што сустрэліся мне на жыццёвым шляху. У мяне ёсць над чым працаваць і як казаў Уладзімір Маякоўскі – «планаў грамаддзё»! Усім касцюкаўчанам жадаю шчасця, здароўя і дабрабыту!
Фота аўтара