Для главы фермерского хозяйства Костюковичского района Сергея Владимировича Щербакова фермерство-дело для жизни

0
908

Менавіта так сказаў удзельнік рэспубліканскага свята хлебаробаў “Дажынкі-2007”, якое праходзіла ў горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці, кіраўнік фермерскай гаспадаркі Сяргей Уладзіміравіч Шчарбакоў (на здымку) аб тых днях, якія правёў разам з перадавікамі сельскай гаспадаркі на галоўным свяце працаўнікоў палёў.Изображение 6228

Напярэдадні першых раённых «Дажынак» сустрэліся з Сяргеем Уладзіміравічам і пацікавіліся яго ўражаннямі ад былога свята.

— Гэта былі, пэўна, самыя цудоўныя дні ў маім жыцці. Я трапіў у рай, дзе панавала асаблівая атмасфера. Зносіны з людзьмі, якія шмат гадоў аддалі хлебаробскай справе, надалі мне ўпэўненасці ў сваіх сілах. Тады я ўпершыню атрымаў запрашэнне на мерапрыемства такога маштабу і вырашыў, што зраблю ўсё магчымае, каб мой кавалачак зямлі ў 200 гектараў быў дагледжаны, даваў добры ўраджай, вабіў вока. Са свята прывёз шмат падарункаў. Гэта добра, што ў нашай краіне надаецца такое вялікае значэнне чалавеку-хлебаробу.

— Раскажыце, Сяргей Уладзіміравіч, з чаго пачыналі свой шлях у фермерскай справе і што робіце для таго, каб зямля была ўрадлівай, пра свае задумкі на будучыню.
— Гаспадарка знаходзіцца каля вёскі Крупня. Старая, паўразваленая некалі ферма стала вытворчай базай. Пачынаў з рамонту памяшкання фермы, потым набыў адну карову швіцкай мяса-малочнай пароды. Прывёз яе са Смаленска. Гэта было ў 2003 годзе. Потым маленькіх цялят купляў у насельніцтва. А праз два гады ўжо атрымаў прыплод ад сваіх каровак.
А калі на падворку ёсць жывёла, то без раслінаводства ніяк не абыйсціся. Узяў у арэнду 200 гектараў зямлі і пачаў яе асвойваць, адваёўваючы ў хмызняка па некалькі метраў кожны сезон. Цяпер на маім полі амаль няма маленькіх зялёных астраўкоў, усё распрацавалі. Кожны год, праводзячы палявыя работы, збіраем і звозім камяні. Плануем ім даць другое жыццё. У полі адшукалі шэсць крыніц, у якіх бруіцца чыстая вада. Вырашылі запрасіць майстра, які з дапамогай камянёў дабраўпарадкуе іх. А пакуль што на месцы будучых крыніц устанавілі калодзежныя кольцы. Пазначылі іх такім чынам.

— Што ўяўляе сабой зараз ваша гаспадарка?
— Цяпер у нас самы сапраўдны вясковы падворак. Мы трымаем 30 кароў і 20 цялят, усяго 50 галоў буйной рагатай жывёлы, 12 курыц і пеўнік, па тры гусі і сабакі, сем катоў, 17 сямей пчол. Спытаеце, што за падворак без свіней? То і яны былі, толькі вось сёлета вымушаны былі збыць па суб’ектыўных прычынах. На 200 гектарах зямлі вырошчваем зерневыя культуры, бульбу, буракі, бо сваіх кароў кормім, як раней ў вёсцы. Мы пасьвім іх на натуральнай пашы, выдаём сена, буракі, камбікорм. Зазначу, што нашы каровы, практычна, не хварэюць. Нават такая распаўсюджаная хвароба дойных кароў, як масціт, нашу жывёлу абмінае.

— Сяргей Уладзіміравіч, якіх жа поспехаў гаспадарка дасягае зараз?
— Ад кожнай каровы атрымліваем у сярэднім па 15 кілаграмаў малака ў суткі. Нават у летнюю спякоту малако ў нас не падала. Лічу, што добрая натуральная паша, дастатак вады на ёй і пасцьба ў начны час зрабілі сваю справу. Зерневыя культуры на круг далі па 35 цэнтнераў з гектара. Бульбу яшчэ масава не ўбіралі, займаемся сяўбой азімых культур, аднак спрабавалі накапаць, ацаніць. Думаю, што і яна таксама ўрадзіла нядрэнна.

— Дарэчы, як вы спраўляецеся з такой гаспадаркай?
— Не адзін я ў полі воін, побач людзі. У калектыве фермерскай гаспадаркі 12 чалавек. Абавязкі размеркаваны па магчымасцях і здольнасцях. Доўгі час працуе механізатарам Валерый Рыгоравіч Федарэнка. Ён побач са мной заўсёды заняты ў полі. Адносіцца і да тэхнікі, і да зямлі ашчадна. Стараецца працаваць сумленна. Хочацца сказаць і пра механізатара, які пайшоў на заслужаны адпачынак, Мікалая Аляксеевіча Шульцава. Сапраўдны гаспадар сваёй зямлі. Ён пра нас і зараз не забывае, прыходзіць на дапамогу. А калі яму трэба наша падтрымка, мы яму ніколі не адмаўляем. Жывёлаводы Валянціна Міхайлаўна Баханава і Анжаліка Аркадзьеўна Сакалова добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў, жывёлу любяць, ажыццяўляюць догляд на належным узроўні. І тое, што мы рэдка звяртаемся за дапамогай да ветэрынарнага ўрача, заслуга і вынік добрага догляду жывёлы.
Варта сказаць, што належны бухгалтарскі ўлік вядзе Святлана Уладзіміраўна Галынская.

— Якую ролю ў гэтым паспяховым “аркестры” вы адвялі сваёй жонцы?
— Да сельскай гаспадаркі мая жонка Ларыса Рыгораўна не мае ніякага дачынення. Яна ў мяне творчы чалавек, любіць больш выступаць на сцэне, рыхтаваць дзяцей да ўдзелу на святах. Працуе настаўніцай ў Беладубраўскай школе.

— Калі збіраецеся разам, якія тэмы часцей абмяркоўваеце: са свету мастацтва ці сельскай гаспадаркі?
— Ларыса — вельмі добрая гаспадыня, клапатлівая жонка, яна чакае мяне кожны вечар. Я працую да цемры. Калі прыходжу дадому, яна хутчэй ставіць на стол смачныя стравы, і мы разам вячэраем. А потым ідзём глядзець навіны. Вельмі непакоіць сітуацыя ў братняй Украіне, таму сочым за развіццём падзей па тэлебачанні.
Кожны з нас займаецца справай, якую любіць, і адзін аднаму мы не перашкаджаем. У нас агульная тэма для абмеркавання – наша дачушка Вераніка. Яна вучылася, а цяпер жыве і працуе ў Мінску, радуе сваімі поспехамі.
— Сяргей Уладзіміравіч, якой вы бачыце сваю гаспадарку ў перспектыве?
— Раней лічыў, што 50 кароў на падворку будзе дастаткова. Але час паказвае, што пагалоўе трэба нарошчваць да сотні. Планую ферму расшырыць, землі акультурыць, каб атрымліваць належную аддачу, хаця трэба яшчэ некалькі гадоў працаваць над павялічэннем урадлівасці глебы. Будзем паляпшаць бытавыя ўмовы рабочых. У хуткім часе ўладкуем душавую кабіну. Хаця мы шмат ужо зрабілі ў гэтым напрамку. У прыватнасці, абсталявалі пакой для адпачынку, дзе ёсць тэлевізар, магнітафон. Пабудавалі лазню, дзе пасля працоўнага дня можна папарыцца. Склалі рускую печ, дзе рыхтуем дамашнія стравы да стала, за якім збіраемся ўсім калектывам у святочныя дні.

— Многія выказвалі вам падзякі за аказанне паслуг. Насельніцтва і ў далейшым можа разлічваць на вашу дапамогу ў вырашэнні гаспадарчых праблем?
— Вядома, па магчымасці будзем завозіць сена вяскоўцам, якія трымаюць хатнюю гаспадарку, аказваць транспартныя паслугі, дапамагаць ва ўборцы бульбы, выдзяляць бульбакапалку і гэтак далей.

— Сяргей Уладзіміравіч, сельскагаспадарчая праца заўсёды адносілася да ліку цяжкіх. Ваша думка наконт гэтага.
— З гэтым нельга не пагадзіцца. Многія не хочуць займацца сельскай працай менавіта таму, што фізічна цяжка. І я шмат чым займаўся ў жыцці. І толькі калі стаў працаваць у сельскай гаспадарцы, адчуў сябе ўпэўнена, нібы прырос да сваёй зямлі. Я палюбіў яе і зразумеў, што шмат патраціў часу на пошукі любімай справы. Цяпер я шчаслівы.
— Жадаем поспехаў ва ўсіх вашых справах!
Гутарыла Наталля Кавалёва.

Нет постов для отображения