І Ў СТО ГОД ЁН МАЛАДЫ

0
831

КУЛЕШОВНабліжаецца юбілей Аркадзя Куляшова. І ў сто год ён, як малады… Таму што, спадарожнічаючы нам з дзяцінства, з школьных гадоў, паэзія Куляшова хвалюе актыўнасцю ідэйнага пошуку, багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, сагравае сваёй непадробнай чалавечнасцю.

У гэтым годдзе будзе адзначацца стагоддзе з дня нараджэння знакамітага беларускага паэта, нашага земляка, Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Хочацца, каб не толькі людзі нашага ўзросту, а і маладое пакаленне ганарылася, што нам давялося жыць на той зямле, дзе нарадзіўся такі таленавіты чалавек!

Творчасць паэта носіць патрыятычны характар, выхоўвае чытача. А. Куляшоў пачаў друкавацца з 1926 года. Першы зборнік “Росквіт зямлі” адлюстроўвае светаадчуванне рамантычнага юнака.

У сваіх вершах ”Воблака”, “Ранак”, ”Плыла, цалавалася хмара з зямлёю”, “Мая Бесядзь” паэт звярнуўся да чалавечай душы, прыйшоў да глыбокага роздуму і шырокага абагульнення, у якім аб’ядналіся думка і пачуццё паэта пра сучаснае і мінулае.

У вершы “Мая Бесядзь” мастак слова выказвае свае адносіны да творчасці, да жыцця, да людзей малай радзімы.Тут ён выкарыстоўвае народнае паданне аб тым, што “рэкі птушкамі створаны”. І калі маленькія на выгляд птушкі капалі рэчышча, адносячы ў дзюбках мяшэчкі з выкапанай зямлёй, каня гуляла і здзеквалася з нястомных працаўніц. Птушкі пакрыўдзіліся на каню, і з той пары лятае яна над рэкамі і просіць піць. Але вялікае значэнне надаецца тут самаадданым птушкам-працаўніцам, якія . як і сам аўтар верша, не заспакояцца, пакуль не давядуць справу до канца, пакуль не заблішчыць вясёлая рачулка. Гэта рачулка – родная Бесядзь, што працякае недалёка ад радзімы Куляшова, і якая давала яму сілу і натхненне. Вось такая пазіцыя грамадзяніна і паэта. Яна актуальна і ў наш час.

Некаторыя вершы Аркадзя Аляксандравіча, а сярод іх “Стаіць на ўзлессі дом”, ”Ранак “, “Карусель”, перадаюць радасць жыцця, духоўную веліч, маральную сілу чалавека, яго адданасць Радзіме і гатоўнасць служыць ёй да апошняга дыхання.

А. А. Куляшоў , паэт сціплы ў сваіх імкненнях, уся яго творчасць сведчыць, што толькі ў справах гарачых куецца бяссмерце.

Хочацца адзначыць, што свой творчы шлях паэт вымярае не гадзінамі, а дарогамі, кіламетрамі, стагоддзямі. У ім наша гісторыя, наша жыццё. І нізкі паклон мастаку слова за тое, што і ў сто год ён яшчэ малады і кліча нас у заўтрашні дзень.

Лілія Іванаўна Каваленка, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

 

 

Нет постов для отображения