
На XXXIII міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая праходзіла ў Мінску з 17 па 22 сакавіка, Касцюковіцкая экспазіцыя займала асаблівае месца на пляцоўцы Магілёўскай вобласці. Наведвальнікам паказалі і расказалі пра творчасць легендарных мясцовых майстроў слова: народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, а таксама таленавітага паэта Алеся Пісьмянкова. Экспазіцыя невыпадковая: сёлета горад Касцюковічы выбраны сталіцай Дня пісьменства, і ў верасні раён прыме маштабнае свята.
А чаму Касцюковічы? Ды таму што наш Прыбяседскі край па праве можна назваць сапраўднай скарбніцай літаратурнага таленту. Амаль трыццаць выдатных пісьменнікаў і паэтаў нарадзіліся, выраслі і пісалі свае творы на гэтай шчырай зямлі.
Пляцоўка Магілёўскай вобласці стала месцам, дзе культурная традыцыя сустрэлася з шырокай аўдыторыяй. Экспанаты ад Касцюковіцкага раёна падкрэслівалі ролю мясцовых аўтараў у фарміраванні нацыянальнай культуры і важнасць захавання мемарыяльнага фонду пісьменнікаў.
Цэнтральнымі элементамі экспазіцыі сталі поўны зборнік твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, збор твораў народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, матэрыялы і кнігі Алеся Пісьмянкова –натхняльніка фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”.
Асаблівую ўвагу прыцягнула выстава асабістых рэчаў і мемарыяльных рэліквій аўтараў Касцюкоўшчыны: рукапісы, працоўныя сшыткі, фатаграфіі, прадметы побыту. Гэтыя прадметы дапамагаюць лепш зразумець творчы шлях аўтараў і ствараюць эмацыйную сувязь паміж наведвальнікамі выставы і культурнай спадчынай раёна.
Спецыяльна да мерапрыемства былі падрыхтаваны інфармацыйныя буклеты‑запрашэнні на Дзень беларускага пісьменства у наш горад. Кожнаму наведвальніку экспазіцыі ўручалі друкаваны экзэмпляр, што забяспечвала роўны доступ да інфармацыі і павышала зацікаўленасць аўдыторыі.
Сёння літаратурная спадчына раёна не толькі беражліва захоўваецца, але і актыўна развіваецца. Яскравы прыклад таму – рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” і выбар Касцюковічаў месцам правядзення вераснёўскага маштабнага свята.
Сумесныя намаганні бібліятэкі, музея, рэдакцыі раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны” і Цэнтра культуры ствараюць устойлівую пляцоўку для таго, каб беларуская пісьменнасць ў раёне крочыла наперад.
Фота аўтара











