Паэты Касцюкоўшчыны ў ліку лепшых па выніках конкурсу ў Краснаполлі

0
237

З вялікім размахам 10 верасня ў г. п. Краснаполлі адзначылі 105-гадовы юбілей свайго земляка – вядомага беларускага паэта, заслужанага дзеяча культуры БССР Аляксея Пысіна. Ужо традыцыйна тут адбылося VII рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”, удзел у якім прынялі прадстаўнікі бібліятэчнай сістэмы нашага горада, а таксама раённага Цэнтра культуры і рэдакцыі газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.

На свяце прысутнічалі пачэсныя госці: намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Ганна Шпунтова, загадчыца сектара культуры райвыканкама Святлана Сазонава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Марыя Разгонава. Тут віталі членаў грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалая Леўчанку, паэтку Наталлю Азаранка і Святлану Цмугунову, аўтараў і прыхільнікаў паэзіі з Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў, таксама прадстаўнікоў бібліятэк Магілёўскай вобласці і гасцей з Гомеля.

Пачалося свята з “Паэтычнай майстэрні”, на якой майстар-клас па рыфмоўцы дала кандыдат філалагічных навук, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Кісель. Затым усе ўдзельнікі свята апынуліся на паэтычнай пляцоўцы “Паэтычнае скрыжаванне”, а пасля ўскладання кветак да воінскага пахавання ў гарадскім скверы адбылася ўрачыстая частка мерапрыемства, на якой прайшло ўзнагароджанне пераможцаў песенна-паэтычнага конкурсу “З любоўю да роднай зямлі…”Паэты Касцюкоўшчыны ў ліку лепшых па выніках конкурсу ў Краснаполлі

Але спачатку з прывітаннямі да аматараў паэзіі звярнулася намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Ганна Шпунтова:

  • Прыехаўшы на свята, вы знайшлі магчымасць ушанаваць памяць нашага знакамітага земляка Аляксея Пысіна. Жадаю ўсім вам поспеху і натхнення.

Прыхільнікаў творчасці знакамітага паэта была поўная зала. Удзельнікі мерапрыемства, гледачы і ганаровыя госці разам прайшліся асноўнымі вехамі жыцця і творчасці вядомага паэта. Нездарма і само мерапрыемства насіла назву “Народны душой…” Так, дырэктар Краснапольскага гісторыка-этнаграфічнага музея Лідзія Пшанічнікава распавядала пра літатарурны музей Аляксея Пысіна, які знаходзіцца ў Палужскай сярэдняй школе, а таксама пра самаго паэта і ўшаноўванне памяці свайго славутага земляка.

З задавальненнем ўсе слухалі вершы, напісаныя паэтамі, якія прынялі ўдзел у конкурсе. Перш за ўсё прагучалі вершы і аўтарскія песні, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамозе. Усіх вельмі ўразіла выступленне фотакарэспандэнта “ГК” Алесі Шаройка, якая чытала верш пра згарэўшага ў полымі вайны маленькага хлапчука. Дзеці вайны сербанулі гора поўнай чашай, мабыць, занадта вялікай для маленькага чалавека. Вайна і дзеці – не сумяшчальныя паняцці, таму вершы, гучаўшыя на гэту тэму, кранулі сэрцы ўдзельнікаў мерапрыемства. Пляскалі ў далоні выканаўцу і аўтару музыкі, артысту раённага Цэнтра культуры Дзянісу Леаненкі.

Шмат вершаў прагучала на мерапрыемстве, сярод іх былі вершы, напісаныя нашымі мясцовымі паэткамі Алесей Шаройка, Святланай Даськовай і Ірынай Коршунавай. Неаднаразова перапынялася зала бурнымі апладысментамі ўдзячных слухачоў, калі выступала Алеся Шаройка. Гэта на яе верш краснапольскія музыкі напісалі музыку і выканалі цудоўную песню “Жыць”. Таксама ўразіла сваім выступленнем Ірына Коршунава, працаўнік раённай бібліятэкі імя І. Чыгрынава.

Выступленні ўдзельнікаў свята чаргаваліся з паэтычна-музычнымі нумарамі. Нікога не пакінулі абыякавымі вершы паэтаў Мсціслаўшчыны і Краснапольшчыны, Дрыбіншчыны і Слаўгарадчыны. Сведкаю таго, што паэтычныя традыцыі Аляксея Пысіна працягваюць сучасныя паэты, стала гучанне Гімна свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” на словы нашай таленавітай паэткі Наталлі Азаранка. Гімн усе спявалі стоячы ў знак павагі да таленту славутага паэта і проста цудоўнага чалавека.

Да мікрафона выйшаў пачэсны госць з горада Быхава, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Леўчанка, які прывітаў удзельнікаў свята паэзіі і падзяліўся сваімі ўспамінамі аб сустрэчах з Аляксеем Пысіным, які з’яўляецца адной з самых яскравых зорак на небасхіле Краснапольшчыны.

Зусім свежыя вершы, прысвечаныя знакамітаму паэту, прагучалі ад гасцей з Мсціслаўля і паэтаў Краснаполля. Большасць вершаваных радкоў напісана ўдзельнікамі свята на роднай беларускай мове. Пра маці і любоў да роднай зямлі, пра прыгажосць прыроды і каханне гучалі вершы, напісаныя такімі рознымі аўтарамі, якіх аб’яднаў на свяце Аляксей Пысін. Сапраўды паэты з вершаў і песень сплялі яму літаратурны вянок.

У конкурсе “З любоўю да роднай зямлі…” прынялі ўдзел 39 паэтаў з васьмі раёнаў Магілёўшчыны і Зыбкаўскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Пададзены на конкурс 141 верш і тэкста песні, прадстаўлены 24 музычныя творы. Лепшыя з іх прагучалі на свяце.

Старшыня журы Алена Кісель уручыла заслужаныя ўзнагароды пераможцам конкурсу. Сярод іх – Дыплом I ступені ў Алесі Шаройка ў намінацыі “Паклонімся вялікім тым гадам” і Дыплом II ступені ў Ірыны Коршунавай. У намінацыі “Вянок Аляксею Пысіну” другое месца заняла Ірына Коршунава. У намінацыі “Вольная тэма” трэцяе месца заняла Святлана Даськова, другое месца – Алеся Шаройка. У конкурсе паэтычных твораў-тэкстаў да песні ў намінацыі “Вайна. Перамога. Памяць” на другім месцы – Ірына Коршунава.

Дыпломы за тэксты да песні ўручала Наталля Азаранка, якая ўнесла прапанову пашырыць назву фестывалю “Рэгіянальнае свята паэзіі і аўтарскай песні”. Другое месца ў гэтым конкурсе атрымала Алеся Шаройка за песню “Дзяцінства басаногае», якую сама спявала; таксама другое месца – у Святланы Даськовай і Ірыны Коршунавай. У музычным конкурсе за музыку да песні “Жыць” Алеся Шаройка заняла трэцяе месца, а другое месца – у Дзяніса Леаненкі і таксама Алесі Шаройка.

Удзельнікі і госці свята адзначылі высокую прафесійную падрыхтоўку мерапрыемства і ад усёй душы пажадалі далейшых поспехаў у захаванні спадчыны нашых таленавітых землякоў.

 

 

Фото аўтара

Нет постов для отображения