Старшыня Касцюковіцкага райвыканкама пра кіраванне, сям’ю і веру

0
491

Аляксандра Міхеенка жартуе, што імя вызначыла яе лёс. Чыста мужчынскія рысы — упартасць, цвёрдасць характару, прынцыповасць і раней давалі сябе адчуваць, але за жаноцкай абаяльнасцю, адкрытасцю і шчырасцю дрэнна было відаць. Калі яе, намесніка старшыні Клімавіцкага райвыканкама, прызначылі старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама, з’явілася магчымасць выкарыстаць свой патэнцыял цалкам. Пры гэтым не на шкоду жаноцкай харызме. А нядаўна яна ўзначаліла яшчэ адзін даволі складаны ў эканамічным плане раён — Касцюковіцкі. Дарэчы, ён стаў другім, які яна ўзначаліла, і трэцім, дзе яна займае адказную пасаду ў органах мясцовай улады, з сямі ўключаных у дзяржаўную праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Гэта менавіта тыя, як той казаў, «дэпрэсіўныя» раёны, перад кіраўніцтвам якіх стаіць задача дасягнуць узроўню паспяховых. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, наколькі гэта пад сілу слабай моцнай жанчыне.

— Не крыўдна, што іншыя па кар’ернай лесвіцы рухаюцца ў бок Мінска, а вы — наадварот? Прыгажуня, разумніца, актывістка — з такімі данымі, напэўна, можна было б нашмат лепш уладкавацца ў жыцці. А тут, па сутнасці, прыходзіцца займацца мужчынскай справай…

— Нічога страшнага, галоўнае — сабраць каманду. Мяне падтрымалі, і гэта вельмі важна. А дома, як той казаў, і сцены дапамагаюць. Я ж родам з Касцюковіч, тут пачынала працаваць. Сёння раён у аўтсайдарах па сельскай гаспадарцы. Вельмі дрэнна, такога ніколі не было. Але калі выканаць усё тое, што намецілі, паціху справімся. Тым больш што ў мяне падтрымка сур’ёзная — муж прыехаў разам са мною сюды працаваць.

Ён, дарэчы, таксама тутэйшы. Мы наогул у адказныя моманты жыцця адно аднаго не кідаем. Калі яго прызначылі першым намеснікам старшыні ў Клімавіцкі раён, я паехала за ім. Потым муж знайшоў там іншую работу, а я засталася ў фінансавым аддзеле райвыканкама, затым стала намеснікам старшыні па эканоміцы. Дом пабудавалі, аселі ў Клімавічах. І тут раптоўна мне прапанавалі работу ў Чэрыкаве. Муж падтрымаў, паехалі разам. Цяпер вось пераехалі ў Касцюковічы.

Працаваць на радзіме ўдвая больш складана, бо перад сваімі людзьмі адчуваеш большую адказнасць. Хочацца зрабіць лепш, чым можаш.

— Як збіраецеся падымаць сельскую гаспадарку?

— Цяпер узгадняем на пасаду начальніка профільнага ўпраўлення новага чалавека. Ён тут даўно працуе, вопытны, добра ведае раён, думаю, у яго атрымаецца. Людзі настроеныя працаваць, і гэта радуе. Я за дысцыпліну. Нягледзячы на мой, здавалася б, мяккі жаночы характар, я далёка не мяккая, люблю парадак ва ўсім. Адназначна. Гаспадар павінен быць у раёне адзін — кірунак, які мне даў Прэзідэнт пры назначэнні. Тым не менш, да кожнага патрэбны падыход, проста так пугай гнаць не будзеш. І час не той, і людзі не тыя. І гнаць асабліва некага. Цяпер у сельскай гаспадарцы мала засталося кадраў, якія я памятаю. Радуе, што сёння вяртаюцца спецыялісты, гатовыя дапамагчы, падказаць.

— Падзяліцеся сваім кіраўніцкім досведам: як імкняцеся арганізаваць работу?

— У калектыве ўсё павінна быць, як і ў сям’і. Кожнаму трэба адчуваць сваю асабістую прастору і сваё «я». І ведаць, дзе гэтая прастора заканчваецца. Для чалавека важна працаваць з радасцю, задавальненнем. Ніхто яшчэ страхам пакарання не стварыў рабочую атмасферу. Людзі самі павінны разумець, што ў іх інтарэсах працаваць сумленна. Пакуль я прыглядаюся, чакаю, як хто сябе праявіць. Кіруюся жаночай інтуіцыяй. Лічу, што жанчыны больш патрабавальныя да работы. Яны выбудоўваюць сістэму як дома, каб усё было на сваіх месцах, раскладзена па палічках, каб кожны ведаў сваю ролю. Гэта як калі гатуеш страву: усё раскладваеш на стале і выкарыстоўваеш кожны інгрэдыент у свой час. Жаночы падыход такі ж. Дзесьці прыходзіцца мякчэйшай быць, у нейкі момант «уключаць» маці — асабліва калі працуеш з маладымі спецыялістамі, хочацца дапамагчы, рукі падкласці. Не патрабаваць, а накіраваць. Калі мяне не разумеюць, я папярэджваю: мужыкі, зараз рэжым маці выключу — адчуеце, што можа быць інакш, калі не выправіце сітуацыю. І ўсе разумеюць, што я кажу гэта сур’ёзна. Кожны мае магчымасць праявіць сябе, паказаць, што можа. Не цісну ні ў якім разе. Калі ёсць вынікі, пагаджуся, што гэтыя падыходы больш эфектыўныя. Ніколі не кажу, што павінна быць толькі па-мойму. Гэта няправільна. Адзін чалавек не можа ва ўсіх сферах быць дасведчаны. Ёсць вузкія спецыялісты, якія павінны падказаць, куды пойдзем і як. І я да іх прыслухоўваюся. Галоўнае — не адбіць у моладзі жадання працаваць. Дысцыпліна павінна быць, але спачатку трэба даць маладому спецыялісту магчымасць сябе праявіць, даказаць, што яго меркаванне каштоўнае.

— І шмат моладзі прыходзіць?

— Прыходзіць. І шмат талковай. І з імі трэба працаваць. Мне ў свой час пашчасціла з настаўнікам. Калі прыйшла на работу, намеснікам па эканоміцы была Тамара Іванаўна Сідарэнка, яна мяне вучыла працаваць. Гэта была першая мая сур’ёзная школа. Я не баялася пытацца, мяне не заціскалі, не казалі, што дурніца, таму што пытаюся. Маўляў, акадэмію скончыла і не ведаеш. І я моладзі кажу: не бойцеся вучыцца. Мне 50 гадоў і я дагэтуль вучуся. У тэхнолагаў, у спецыялістаў — вучуся ўсё жыццё. За плячыма Беларуская сельгасакадэмія ў Горках, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце, але гэта ўсё базіс, фундамент, на якім выбудоўваеш свой стыль работы. Усяму астатняму прыходзіцца вучыцца ў практыкаў.

— Касцюковіцкі раён трэці па ліку з паўднёва-ўсходняга рэгіёна, дзе вы працуеце. Шмат хто крытыкаваў праграму, казаў, што яна не вельмі дзейсная. Можаце выказаць сваё меркаванне?

— Гэта было патрэбна як паветра. Пэўныя моманты павінны выспець, каб іх прынялі і ў эканоміцы, і ў грамадстве. Без гэтай праграмы мы б разваліліся. Амаль усе гэтыя раёны моцна пацярпелі ад Чарнобыля. Тут адбыўся сур’ёзны адток кадраў, былі выведзены з абароту самыя лепшыя землі. Трагедыя моцна ўдарыла па нас. Звалілася, як страшны камяк, які толькі нарастаў. І калі б не гэтая праграма, мы цяпер сядзелі б каля разбітага карыта. Адна толькі падтрымка сельскагаспадарчай тэхнікай чаго каштуе. Мы б ніколі не зрабілі самастойна такое перааснашчэнне. Нам застаецца толькі эфектыўна працаваць.

— Былі спадзяванні, што прыйдуць замежныя інвестары. На жаль, іх няшмат.

— Інвестараў не так і мала, як здаецца. Пад Касцюковічамі знаходзіцца геліястанцыя, у якую ўкладзены нямецкі капітал. Раён нядрэнна працуе з «ГЭФаўскімі» праектамі. З іншага боку, і сваім трэба даваць магчымасць развівацца. На фоне пандэмійнага крызісу хто з той жа Германіі будзе нам аддаваць свае грошы? Вядома, яны будуць сваю краіну падтрымліваць, там таксама на фоне каранавіруса эканоміка абвалілася.

— Работа кіраўніка складаная, павінна быць нейкая разрадка. Як вы ратуецеся ад негатыўных эмоцый? Як аднаўляецеся?

— У царкву хаджу. У Чэрыкаве пасябравала з айцом Мікалаем, настаяцелем храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Калі ў Касцюковічы пераехала, наведала наш цэнтральны храм. Патрэба ў духоўнай падтрымцы ў мяне ўзнікла некалькі гадоў таму, калі ў родных пачаліся праблемы са здароўем. Паехала ў Жыровіцкі манастыр, было спадзяванне, што мне дапамогуць менавіта там. А калі выйшла з царквы, адчула неверагодную палёгку, быццам нехта даў мне сілы. Царква — тое месца, дзе я адпачываю душой і станаўлюся моцнай. Звычайна мы бяжым да свяшчэнніка, калі дрэнна, калі шукаем дапамогу. А калі ўсё добра, пра Бога і не ўспамінаем.

— Наколькі моцная апора для вас сям’я?

— Першы мой памочнік, вядома ж, муж. Мне яго парады вельмі цяпер дапамагаюць. Ён шмат гадоў працаваў у сельскай гаспадарцы. Акцэнтуе ўвагу на пэўных момантах. Мы з ім хоць і ўраджэнцы аднаго раёна, але пазнаёміліся ў Горках падчас паступлення ў Беларускую сельгасакадэмію. Я вельмі люблю мужа і ўдзячная лёсу, што ён побач, што трывае часам невыносны мой характар. Хоць я таксама цярплю, калі ён не ў гуморы. Раней, калі перасякаліся па рабоце, вельмі часта былі канфлікты, нават дома сварыліся. Муж лічыў, што ён усё робіць правільна, а я памыляюся. Цяпер мы дома наогул пра работу не гаворым. У нас шмат іншых, больш прыемных тэм — дзеці, унучка. Сын пакуль нежанаты, а вось дачка замужам, нашай унучцы Варвары годзік. Ужо цяпер бачу, што ў яе будзе мой характар. Такая ж мэтанакіраваная, упартая, адстойвае свае інтарэсы.

— Вы, лічы, усё жыццё на кіруючых пасадах. Часу на выхаванне дзяцей хапала?

— Калі шчыра, увагі ўдзяляла малавата, увесь час была на рабоце. Муж таксама з галавой у сельскай гаспадарцы, дзе ні выхадных, ні прахадных. Таму выхаванне ляжала ў асноўным на плячах нашых бацькоў. І дзеці вельмі любяць сваіх дзядуль і бабуль. Мы жылі ў сваім доме, падтрымліваць парадак быў клопат дзяцей — камусьці куранят пакарміць, камусьці градкі прапалоць. Мы з імі ніколі не сюсюкалі, але на ласкавыя слоўцы не скупіліся — дачушка, сонейка, зайка, сынулечка. Неяк была на вучобе для кіруючых кадраў і сын патэлефанаваў. Вакол усё прадстаўніцтва сядзіць, а я ў трубку: «мой зайка», «маё сонейка». Калі палажыла трубку, у мяне спыталіся, колькі «сонейку» гадоў. 29 — адказваю. І маці мая таксама ласкава да нас звяртаецца. Для яе я заўсёды дзіця.

— У жыцці бываюць пераломныя моманты, калі прыходзіцца цалкам пераасэнсаваць сваё месца ў ім. Ці было нешта падобнае ў вас?

— Калі чатыры гады таму памёр мой бацька, прыйшло асэнсаванне канечнасці чалавечага жыцця. Гэта было вельмі цяжка перажыць. Тата ніколі не скардзіўся на здароўе, а тут пачаў задыхацца. Да рэанімацыі разам з ім ішла, трымала за руку. Мяне супакойвалі: не хвалюйцеся, усё будзе добра, а праз дзве гадзіны патэлефанавалі і сказалі, што бацькі больш няма. Здаецца, столькі можаш усяго ў жыцці зрабіць, але ў гэтым выпадку ўсё траціць сэнс. Пасля такога ўзрушэння пачынаеш па-іншаму цаніць жыццё, спяшаешся, каб паспець зрабіць тое, што задумана. Цяпер я вельмі трымаюся за маці. Яна — мой астравок бяспекі. Хоць ёй ужо 81 год.

— Якія кнігі вы б параілі пачытаць кожнаму чалавеку?

— «Стары і мора» Хэмінгуэя. Я чытала гэты твор у маладосці і зусім нядаўна. Гэта два розныя ўспрыманні. Такія філасофскія думкі прыходзяць, калі ты становішся больш дарослым. У маладосці няма глыбокага асэнсавання. Наогул, вельмі люблю Хэмінгуэя. А яшчэ Булгакава — «Майстар і Маргарыта». Карысна таксама чытаць казкі. У дзяцінстве я тое рабіла з захапленнем. У мяне дагэтуль шмат кніг з рускімі народнымі казкамі. Тата любіў дэкламаваць Лермантава, я ў дзяцінстве ўсё запамінала і потым паўтарала цэлыя паэмы. Калі госці прыходзілі, тата ставіў мяне на крэсла і я выразна чытала «Мцыры».

— Наколькі блізкі вам дух авантурызму?

— Вельмі блізкі (смяецца). Ну хоць бы ўзяць тое, што сарвалася з наседжанага месца і паехала ў Чэрыкаў працаваць, ды яшчэ мужа за сабой пацягнула. Насамрэч, старшыня аблвыканкама даверыў мне адказны пост, і я не змагла адмовіцца. Леанід Канстанцінавіч Заяц — вельмі адкрыты, сумленны і светлай душы чалавек. З такімі лёгка працуецца, яны натхняюць сваім прыкладам. Такіх людзей страшна падвесці нават у думках.

Фота з архіва Аляксандры МІХЕЕНКІ

 

 

Нет постов для отображения