
25 верасня творчую сустрэчу з моладдзю і іншымі прыхільнікамі яго таленту правёў вядомы беларускі пісьменнік, наш зямляк Віктар Уладзіміравіч Патапенка. Сустрэча традыцыйна прайшла у чытальнай зале раённай бібліятэкі – месце моцы для ўсіх, хто захапляецца літаратурай, хто толькі спрабуе знайсці свой шлях і для тых, хто ўжо стаў сапраўдным майстрам, як Віктар Патапенка. Зусім нядаўна Віктар Уладзіміравіч адзначыў 70-гадовы юбілей, і дырэктар бібліятэчнай сеткі Касцюковіцкага раёна Святлана Федасенка ад імя ўсіх касцюкаўчан павінашавала яго са святам і ўручыла юбіляру кветкі і падарунак.
Больш за гадзіну доўжыўся не маналог пісьменніка і журналіста (а Віктару Уладзіміравічу было што сказаць!), а цёплая і даверлівая гутарка з чытачамі. На роўных. І гэта было цудоўна. Запомніўся адказ Віктара Патапенкі на пытанне аднаго юнака пра тое, што пісьменнік чытае зараз: «Класіку, таму што яна вечная і адказвае на амаль што ўсе пытанні чалавецтва, а шмат якіх сучасных літаратараў трэба чытаць з алоўкам у руцэ. І рэдагаваць, рэдагаваць, рэдагаваць.»
На яшчэ адно пытанне моладзі «Чым кніга мацней за мабільны тэлефон?» пісьменнік адказаў па-філасофску: «Кніга – гэта штосьці жывое і цёплае, сапраўднае, яна заўсёды цуд і таямніца, а сучасны мабільнік – гэта проста халодная рэч, тоны інфармацыі ды і толькі…».
А яшчэ быў наказ моладзі ад Віктара Уладзіміравіча: «Заўсёды вызначайце ў сваім жыцці мэту і дасягайце яе. Чытайце добрую літаратуру. Не забывайце продкаў, родныя мясціны. Будзьце сапраўднымі людзьмі!».
Дарэчы, першыя нататкі будучага літаратара друкаваліся менавіта ў нашай раённай газеце «Сцяг камунізму», а думка стаць пісьменнікам у Віктара з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. У роднай вёсцы Калодзецкая Касцюковіцкага раёна. Наогул, тэма роднага краю, аднавяскоўцаў прысутнічае амаль у кожным творы пісьменніка.
Сваімі добрымі успамінамі пра Віктара Патапенку дзяліліся яго аднакласніца Валянціна Лук’янава, былы кіраўнік народнага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” Лідзія Патапенка, Тамара Хралянок. Цудоўны верш, звязаны з творчасцю пісьменніка, прачытала Святлана Даськова. А школьныя бібліятэкі атрымалі ў падарунак ад аўтара яго новыя кнігі. Адным словам, творчая сустрэча ўдалася. І напрыканцы па добрай традыцыі – агульнае фота.
Фота аўтара
















