В агрогородке Белая Дуброва отпраздновали «Гусінае свята»

0
1449

Стала добрай традыцыяй восенню ў аграгарадку Белая Дуброва адзначаць свята гуся, якое стала брэндавым для гэтай мясцовасці і ўсяго Касцюковіцкага раёна.

У суботу ў самым цэнтры Белай Дубровы было шумна і весела: гучала музыка, тоўпіўся народ, кірмашовыя сталы біліся ад разнастайных сувеніраў і страў, а сярод усёй гэтай вясёлай завірухі і мітусні няма, няма, ды і чуўся гусіны гогат. І нядзіўна, бо гэта праходзіла свята Гуся.

У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел шматлікія госці – прадстаўнікі раённай і сельскай улады, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, мясцовыя жыхары аграгарадка і тыя, хто прыехаў здалёк.

Праграма мерапрыемства была насычанай і разнастайнай. І першай яркай падзеяй стала адкрыццё арт-аб’екта «Гусінае свята» ў цэнтральным парку Белай Дубровы, ініцыятарам стварэння якога выступіў старшыня Беладуброўскага сельвыканкама Мікалай Кажамякін. Як адзначыў Мікалай Віктаравіч, гэты арт-аб’ект стане не проста ўпрыгожваннем аграгарадка, але і яго візітнай карткай. Да стварэння арт-аб’екта прыклалі рукі мастак Таццяна Хобатава і мясцовы майстар Сяргей Курбанаў, а спонсарам выступіла КСУП «Белая Дуброва». Некалькі месяцаў ішла карпатлівая праца, абмяркоўваліся і ўносіліся карэкціроўкі, і, нарэшце, надышоў доўгачаканы дзень, калі праект прадставілі на ўсеагульны агляд, перарэзаўшы па добрай традыцыі чырвоную стужачку.

– Колькі памятаю сябе, столькі ў нашым сяле людзі трымалі гусей, у кожным двары чуўся гогат, – падзялілася з усімі гасцямі старажыла вёскі Соф’я Лаўрэнцьеўна Яфрэменка. – Наша Беседзь заўсёды была белай ад таго, што шмат гусей прыводзілі пасвіцца на луг каля ракі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця арт-аб’екта свята працягнулася. І пакуль адна частка гасцей адправілася ацэньваць удзельнікаў конкурсу «Лепшы трактарыст АПК-2019», іншая – не магла адарваць вачэй ад удзельніц конкурсу «Лепшая гаспадыня». Вось ужо, сапраўды, на нашай Касцюковіцкай зямлі жывуць і працуюць сапраўдныя гаспадыні, здольныя і смачна прыгатаваць, і майстрыхі на ўсе рукі. Марынаваныя агурочкі, варэнне, сала ўласнага посолу, бліны… І як тут выбраць лепшую?!

Перад цяжкім выбарам усталі і члены журы конкурсу «Лепшая частушачніца», удзел у якім прынялі жыхаркі ўсіх сельсаветаў раёна. Да чаго галасістыя і таленавітыя жанчыны ў нас! Яны пакарылі гледачоў сваімі вясёлымі прыпеўкамі, ад якіх ногі самі пускаліся ў скокі.

І пакуль ішлі конкурсы і падводзіліся вынікі, пакуль спявалі і плясалі творчыя калектывы раёна, ствараючы святочны настрой, народ тоўпіўся на выставе вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ад майстроў-рамеснікаў Касцюкоўшчыны, вывучаў бабуліны рэцэпты на інтэрактыўнай выставе, частаваўся травяной гарбатай і купляў шашлык і іншую прадукцыю ў гандлёвых палатках. А яшчэ і стары, і малы паспрабавалі свае сілы ў народных забавах. Як заўсёды, вялікім попытам карысталіся салдацкая грачаная каша з тушонкай і духмяная шурпа з бараніны, прыгатаваныя на палявой кухні работнікамі райваенкамата.

Галоўныя персанажы свята – пернатыя прыгажуны – назіралі за тым, што адбываецца з боку. Салодкую парачку – гусака і гагарочку – можна было пагладзіць (яны зусім не супраціўляліся) і нават зрабіць фота на памяць.

І вось загучалі фанфары, ля сцэны сабраўся народ. Гэта значыць, пачалася цырымонія ўзнагароджання. У конкурсе «Лепшая гаспадыня-2019» трэцяе месца заняла Любоў Уродзіна з Сялецкага сельсавета, другое – Алена Хоцелева з Пралетарскага сельсавета, першае месца – Таццяна Яраш з Беладуброўскага сельсавета. Дыпломы лепшым гаспадыням ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Петрусевіч.

У конкурсе “Лепшая частушачніца” дыпломам трэцяй ступені была ўзнагароджана Надзея Махавікова з Пралетарскага сельсавета, дыпломам другой ступені – ансамбль «Весялуха» з Дзямідавіцкага сельсавета, пераможцам стала Таццяна Зайко таксама з Пралетарскага сельсавета. Цырымонію ўзнагароджання лепшых частушачніц правяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Лістраценка.

Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Антоненка ўручыў дыплом трэцяй ступені за ўдзел у конкурсе “Лепшы трактарыст” Аляксандру Кудло з КСУП “Саматэвічы Агра”, другой ступені – Аляксандру Пруднікаву з КСУП “Парыжская Слабада» і пераможцу конкурсу – Юрыю Антоненку з КСУП «Дзямідавіцкі».

Свята атрымалася на славу! Нягледзячы на моцны марозчык, сыходзіць дадомуне хацелася. Без зарада станоўчых эмоцый і добрага настрою ніхто не застаўся. Абавязкова прыязджайце ў аграгарадок Белая Дуброва на свята гуся. Але ўжо ў наступным годзе.

Нет постов для отображения