ВЁСКА САМАТЭВІЧЫ — РАДЗІМА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

0
2548

26182Аркадзь Куляшоў нарадзіўся на ўсходняй ускраіне Беларусі- ў мястэчку Саматэвічы. Сам ён часцей за ўсё называў яе Саматэевічамі.

У артыкуле “Мая Бесядзь” ён піша, што калісці, дакладна ніхто не ведае, на ўзбярэжжы ракі Чарнавуткі пасяліліся некалькі сем’яў. То былі, можа вандроўнікі якія, а мо і надзельнікі, што купілі ў пана кавалак зямлі. Ім гэтае месца спачатку не спадабалася, яны пакінулі яго і падаліся далей. А праз некоторы час вярнуліся.

Старажылы, заўважыўшы іх, казалі:

—Вунь самыя тыя…

Адсюль, нібыта, і назва “Саматэвічы”.

З гістарычных звестак:

У 1842 годзе у Саматэвічах пабудавана праваслаўная Троіцкая царква.

У 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча.

З 1867 года тут праводзіліся два кірмашы ў год. А. Куляшоў з свайго дзяцінства і юнацтва згадваў кірмаш на Іллю — 2 жніўня. Для яго гэта была падзея. На кірмаш з’язджаліся людзі нават з Чарнігаўшчыны і Браншчыны. Ішоў бойкі гандаль, а карчма гудзела ад гамонак і спеваў. Моладзі таксама было чым заняць сябе: апроч іншага, тут працавала карусель. Хвіліны, праведзеныя на каруселі, на ўсё жыццё зрабіліся для Аркадзя Куляшова сімвалам шчасця, бо, як і працэс творчасці, выклікалі адчуванне палёту. Гэты вобраз — сінонім шчасця — праходзіць праз усю творчасць паэта. Верш пад назвай “Карусель” быў напісаны ў лютым 1939 года. У ім адлюстраваны ўражанні лета 1938 года, якое юнак правёў на Хоцімшчыне, у Ялаўцы, і адкуль прыйшоў на кірмаш у Саматэвічы.

На гэтым кірмашы Аркадзь зноў сустрэўся з Алесяй, якая ўсё жыццё існавала ў яго паэтычным уяўленні як вобраз першага кахання. Верш «Карусель» А. Куляшоў пісаў напярэдадні свайго дваццаціпяцігоддзя. Самы росквіт жыцця! Пік замілавання да кожнай яго прывабнай дэталі. Вось некалькі строфаў гэтага верша:

Мы адны з ёй. 3 нашых — больш нікога.

Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.

Тая ж з кірмаша пад гай дарога.

— Што ж, пайшлі?

— Пайшлі…

І мы ідзём.

Сем гадоў не бачыліся — раз,

Замуж выйшла,

Добра ладзіш з мужам;

Дзе ж ты, карусель? За ўсё адкружым,

Як усё кружылася за нас.

Добры дзень, знаёмыя мясціны,

Карусель,

Крылатая душа!..

Гай шумлівы, гоман кірмаша,

Печанага хлеба водар кмінны.

У 1886 годзе у Саматэвічах было 523 жыхары, 94 двары, праваслаўная царква, касцёл, валасное праўленне, школа, бальніца, вятрак, 6 крамаў, вінакурня.

1888 годзе мястэчка Саматэвічы (яно ж Дзімітраўск) – уласнасць Дзімітрыя Станіслававіча Галынскага, цэнтр воласці. У мястэчку налічвалася 97 двароў, 744 жыхары, паштовае аддзяленне.

У 1909 годзе ў Саматэвічах налічвалася 144 двары і 1006 жыхароў

У 1914 годзе тут нарадзіўся Аркадзь Куляшоў.. Сестры Галынскія пэўны час вучылі малога Аркадзя. Галынскія адыгралі значную ролю ў лёсе Куляшова, нават у біяграфіях продкаў Аркадзя Куляшова, прычым з абодвух бакоў, гэтае прозвішча сустракаецца неаднойчы. Мяркуйце самі, Кацярына Фамінічна Ратабыльская, маці паэта нарадзілася ў вёсцы Галынка Магілёўскай губерні. Прадзеда Аркадзя Куляшова па бацькавай лініі, арганіста па прозвішчы Мільта, прывёз на Беларусь Галынскі. Сем’і Куляшовых і Галынскіх цесна сябравалі. Паэтавы бацькі былі музычна адоранымі людзьмі, мелі добрыя галасы і музычны слых. Аркадзь Куляшоў гаварыў так: “Мая маці не спявала толькі тады, калі вяла ўрокі ў школе”. Маці спявала з сярпом у руцэ і падчас хатняй працы. Надыйшоў, праўда, момант, калі з жывым песенным майстэрствам стаў спаборнічаць грамафон, які падарылі настаўніцкай сям’і сёстры Галынскія, саматэвіцкія памешчыцы і мецэнаткі мясцовага маштабу, якія дбалі пра культуру і адукацыю насельніцтва. Гэта дзякуючы ім Аркадзь Куляшоў пазнаёміўся з беларучкім мастацкім словам, якія прабудзілі ў яго самыя светлыя пачуцці да радзімы, якія ён і адлюстраваў у сваіх творах. І ўсё сваё жыццё ў паэзіі ён працаваў з матчынай руплівасцю.

Гісторыя вёскі цесна пераплятаецца з біяграфіяй і творчасцю А. А. Куляшова, а інакш і нельга, бо паэт пакінуў яркую старонку ў яе гіcторыі.

 

 

 

Нет постов для отображения