Як лес стаў лёсам Міхася Шаванды

0
7

“Лес… Беларускія дубровы! Каго вы толькі не цешылі сваёй прыгажосцю, хто толькі не кланяўся вам да самай зямлі! Я не ўяўляю сябе без лесу. І каб Бог даў мне не адно, а некалькі жыццяў, ні на імгненне не задумваючыся, усе іх аддаў бы лесу. Я ўсё свядомае жыццё быў у яго на службе, і служба была для мяне найвялікшым шчасцем…” Гэтыя радкі Міхася ШАВАНДЫ, неардынарнага чалавека, фаната сваёй справы, які ўсё жыццё прысвяціў лесу, кранаюць душу. Згадзіцеся, не надта много сустрэнеш такіх людзей у нашым жыцці. Былы галоўны ляснічы Касцюковіцкага лясгаса Міхаіл Іванавіч Шаванда аставіў пасля сябе не толькі добрыя ўспаміны аб ім, але і цудоўныя апавяданні, замалёўкі, нарысы і нават кніжкі, дзе ён з замілаваннем расказвае пра лес, кожнае дрэва ў ім і кожную птушачку, пра сваіх паплечнікаў-лесаводаў.

Дарогамі жыцця

У душы Міхася Шаванды была тая божая іскрынка, якая ўспыхвала, каб асвятліць наша паўсядзённае жыццё новым адкрыццём пра яго любімы лес, дзе ён пратаптаў не адну сотню вёрст. Таму кожная яго мініяцюра – гэта вакно ў прыроду, дзе заўсёды ззяе сонейка і шчабечуць птушкі. Светлыня гэта ідзе ад родных краявідаў, ад сакавітага матчынага слова. І гэта можна адчуць, чытаючы яго кніжкі.

Нарадзіўся Міхаіл Іванавіч 13 жніўня 1935 года ў вёсцы Мілаславічы Клімавіцкага раёна. Пасля заканчэння сямі класаў сельскай школы вырашыў паступаць у Полацкі лясны тэхнікум, але стаць студэнтам яму так і не ўдалося. Міхась вярнуўся дадому ў родную вёску і скончыў сярэднюю школу. Вучыўся хлопец нядрэнна і, самае галоўнае, паспяваў дапамагаць бацькам клапаціцца пра дамашнюю гаспадарку. Адразу пасля атрымання атэстата прызвалі яго ў армію. Чатыры гады службы на Балтыйскім флоце ў прыбярэжным латвійскім горадзе Ліепаі праляцелі як адно імгненне. Матрос Шаванда быў актыўным і ініцыятыўным, прымаў удзел і ў самадзейнасці, і ў спорце. Можа, таму пасля дэмабілізацыі паехаў ён па камсамольскай пуцёўцы на вялікую савецкую будоўлю ў Краснаярск узводзіць Краснаярскую ГЭС.

Днём Міхась працаваў, а ўвечары сядзеў за партай вячэрняй школы, каб успомніць школьную праграму і паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Дзякуючы сваім намаганням і ведам малады чалавек паступіў у Краснаярскі тэхналагічны інстытут. Два гады грыз граніт навук удалечыні ад малой радзімы і зразумеў, што трэба пераводзіцца ў Мінск. Гады вучобы праляцелі незаўважна, і ў 1964-м Міхаіл Шаванда скочыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Малады інжынер лясной гаспадаркі быў накіраваны на працу ў Нараўлянскі лясгас.

Як лес стаў лёсам Міхася ШавандыГады працы на Палессі сталі для Міхаіла Шаванды часам станаўлення і атрымання першага вопыту. Калегі паважалі і шанавалі маладога інжынера. Там ён нават узначальваў першасную прафсаюзную арганізацыю. І там ён сустрэў сваю адзіную на ўсё жыццё каханую Ніну Мікалаеўну. А ў 1967 годзе сям’я Шаванды ўжо з маленькай дачкой на руках з Палесся перабралася ў Касцюковічы, дзе Міхаіл Іванавіч стаў працаваць інжынерам па ахове леса ў Касцюковіцкім лясгасе. За выдатную працу, мэтанакіраванасць, прафесіяналізм кіраўніцтва лясной гаспадаркі прасоўвала яго па службовай лесвіцы. І чым вышэй была пасада, тым адказней і складаней станавілася праца, якая патрабавала ад Шаванды вялікай самааддачы. Але сям’я заўсёды яго разумела і ва ўсім падтрымлівала.

Болей дзесяці гадоў працаваў Міхаіл Іванавіч галоўным ляснічым Касцюковіцкага лясгаса і, нават калі выйшаў на пенсію, не здрадзіў справе свайго жыцця – быў майстрам лесу ў Дзеражанскім лясніцтве. Так, яго працоўны стаж ў лясной гаспадарцы – 47 гадоў. За гэты час колькі кіламетраў дарог ім пройдзена, колькі дрэў пасаджана, не пералічыць!

Літаратурная спадчына

Любоў да лесу Міхаіл Іванавіч прывіваў не толькі сваім тром дзецям, але і вучням, калі выступаў перад імі ў школах. З цікавасцю слухалі апавяданні дасведчанага лесавода школьнікі. Нібы казка, лілася яго гаворка. З такім жа трапятаннем ён пісаў пра сваіх герояў – вавёрак, зайцаў, мядзведзяў, ласей, з любоўю распавядаў пра лес, розныя дрэвы і хмызнякі.

Міхась Шаванда – аўтар чатырох кніжак: “Крыштальны звон бяроз” (1996 г.), “У кожнага дрэва свой голас” (1996 г.), “Карнеева крынічка” (1999 г.), “Заходзьце ў шматгалосы храм” (2002 г.). Ён напісаў яшчэ адзін зборнік “Леснікі”, але той так і не быў надрукаваны. Але ж у 2012 годзе аддзел бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя І. Чыгрынава выдаў гэты зборнічак апавяданняў.

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута лесу Акадэміі навук Беларусі В. П. Тарасенка, даючы рэцэнзію на кнігу Міхаіла Шаванды «Крыштальны звон бяроз», пісаў: «Усе апавяданні М. І. Шаванды – гэта новыя старонкі ўнікальнай энцыклапедыі пра складаныя і шматбаковыя ўзаемасувязі прадстаўнікоў флоры і фаўны. Ён услед за Прышвіным, Кайгародавым, Біянкі і Пясковым даходліва для шырокага кола чытачоў адлюстраваў разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету на прыкладзе лесу. Апавяданні М. І. Шаванды могуць і павінны быць выкарыстаны ў праграмах падрыхтоўкі кадраў для лясной і сельскай гаспадарак, а таксама настаўнікаў-выкладчыкаў біялогіі ў інстытутах, тэхнікумах і школах”.

Сапраўды, Міхася Шаванду можна назваць тонкім псіхолагам лесу, які быў для яго жывой істотай. Яго творы кранаюць паэтычнасцю, любоўю да прыроды, клопатам аб ёй. У яго можна павучыцца берагчы лясное хараство.

Ад удзячных нашчадкаў

Не быў бы поўным аповед пра лесавода-пісьменніка Міхася Шаванду, калі б мы не пагутарылі з яго сынам Андрэем Міхайлавічам.

– Мой бацька быў вельмі добрым чалавекам. Ён заўсёды шмат працаваў. У доме быў асобны кабінет, дзе стаяў пісьмовы стол, камін. Там ён і пісаў свае апавяданні пра лес. На ўсё жыццё запомніў яго словы: «Адпачынак – гэта змена працы». Ён увесь дзень быў на нагах: коле дровы, тут жа на гадзіну сыходзіць у кабінет і працуе над чарговай замалёўкай, вяртаецца і пачынае рабіць нешта па хаце. І так кожны дзень, – расказвае пра бацьку сын. – Аказваецца, пісьменніцтва – гэта вялікая праца. Спачатку бацька пісаў, потым рэдагаваў, перапісваў нанова. Цэлыя груды паперы ляжалі на стале. Ды і цяпер захавалася ўсё ў кабінеце, як было пры яго жыцці.

Мой бацька сябраваў з Алесем Пісьмянковым. Сябравалі сем’ямі: яны бывалі ў нас у гасцях, а мы ездзілі ў Бялынкавічы не адзін раз. Леанід Левановіч некалькі разоў начаваў у нас; Анатоль Зэкаў, які напісаў шмат анатацый на творы бацькі, таксама бываў у нас у гасцях.

Усе трое дзяцей Міхаіла Шаванды выраслі годнымі людзьмі: дочкі Святлана і Наталля – педагогі, як і мама, а сын Андрэй пайшоў па агранамічнай сцежцы.

– Яшчэ пры жыцці бацькі хацелі выдаць яго кнігу, у якую сабралі б усе яго творы. Аднак бацька пайшоў з жыцця ў 2011 годзе, і паўсталі некаторыя нюансы, – расказвае Андрэй Міхайлавіч.

Шасцёра ўнукаў шануюць і паважаюць дзядулю і яго творчасць. Дзед старэйшым унукам сам чытаў свае кніжкі, і толькі малодшы Іван чуў апавяданні дзеда ад бацькі. Усім падарыў Міхаіл Іванавіч кніжкі з аўтографам, а вось малодшаму Івану не ўдалося атрымаць з рук таленавітага дзеда зборнік.

Цікаўлюся ў свайго суразмоўцы, ці ёсць у яго любімы твор бацькі?

– Іх вельмі шмат, – адказвае не задумваючыся Андрэй Міхайлавіч. – У кожным аповедзе ёсць свае разыначкі. Чытаеш і нібы акунаешся ў гэтую прыродную прыгажосць. Вельмі падабаюцца «Крыштальны звон бяроз», “Салаўіная песня”, “Белая замець”, “Мурка-паляўнічая”. Кожны яго твор напісаны на рэальных гісторыях.

Творчасць М. І. Шаванды не заставалася незаўважанай. Прэса жыва адгукалася на кожную навінку лесавода. Апавяданні былі надрукаваныя ў газетах “Праца”, “Беларуская лясная газета”, “Савецкая Беларусь”, “Рэспубліка”, “Магілёўскія ведамасці”, “Сцяг камунізму”, “Зямля і людзі” і многіх іншых друкаваных выданнях.

Акрамя сваёй непасрэднай працы і творчай дзейнасці, Міхаіл Іванавіч актыўна займаўся грамадскай працай: ён быў адказным сакратаром прэзідыума раённага савета таварыства аховы прыроды.

Лесавод, натураліст і проста таленавіты пісьменнік, Міхась Шаванда назаўжды застанецца ў памяці нашчадкаў.

 

Фота з архіва Андрэя Шаванды

 

Міхась Шаванда

Белая замець

Па полю бягуць снежныя струменьчыкі. Бягуць, спяшаюцца, падганяючы адзін аднаго.

Поле дыміцца белай смугой. Я залюбаваўся гэтым малюнкам зімовага дня. Сам таго не заўважаючы, іду ўслед за белай замеццю.

Маім спадарожнікам аказалася ліпавая семачка. Крыльца-ветразь раскудлачана, рухаецца з цяжкасцю. Па ўсім відаць, што пераадолела вялікі шлях не дзеля цікавасці.

Наперадзе паказаўся малады хвойнік. Семачка зачапілася сваім падломленым крыльцам за сухую адзінокую травінку. Не паспела яшчэ спыніцца, як адразу пачала знікаць пад белым покрывам.

Каля сцяны маладых елак рух станавіўся павольней. Відаць, як спрытна і надзейна хаваюцца струменьчыкі снегу пад галіны, ледзь-ледзь гойдаючы іх. Цяжка зразумець: елачкі хаваюцца ў снезе ці снег пад елачкі.

Вечарэе. Іду дадому, думаю: што стане з маёй знаёмай семачкай-спадарожніцай? А можа, на тым месцы, дзе яно зімуе, вырасце высокая прыгажуня-ліпа?

Нет постов для отображения